Навiны
- Абхазію і Паўднёвую Асэтыю не прызнаюць да вясны
- Белорусская АЭС будет построена на Островецкой площадке
- Решение по ИП принято. Уступок не будет
- По делу о минском взрыве еще допросят тысячи людей
- Александр Лукашенко обещает либерализацию жизни всего общества
- АДС хочуць стаць трэцімі
- Зарэгістраваны Гомельскі абласны БНФ
- Лукашенко: Я зарплату бюджетникам не сокращал
- “Мы готовы взять часть ответственности за происходящее в стране”
- В отличие от президента 70% белорусов знают о кризисе
- Рух “За Свабоду” стаў легальным
- Вінцук Вячорка: У нас тры акцэнты: маніторынг сытуацыі, пошукі выйсьця з крызісу і вылучэньне партыйнага кандыдата ў прэзыдэнты
- ИП потребовали сохранить им прежние условия работы
- ЦИК уполномочен изучить
- Александр Милинкевич: Европа беспокоится за Беларусь
Лукашэнку накіравалі 6000 подпісаў супраць будаўніцтва завода ядахімікатаў
Жыхары пасёлка Дружны звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з лістом. Шесць тысячаў грамадзянаў пратэстуюць супраць будаўніцтва побач з пасёлкам завода па вытворчасці пестыцыдаў, а таксама супраць ціску на грамадскасць з боку мясцовых уладаў і міліцыі.
Ліст на імя Лукашэнкі падпісала адна з актывістак грамадскага супраціву Таццяна Рысявец. Да ліста прыкладзены шэсць тысяч подпісаў мясцовых жыхароў. У інтэрв'ю “Радыё Свабода” Таццяна Рысявец кажа, што “надышоў момант, калі трэба называць рэчы сваімі імёнамі”:
- Людзей запалохваюць самымі рознымі спосабамі, праслухоўваюць тэлефоны. Мяне вінавацяць, што я заклікаю людзей на барыкады, што арганізоўваю непарадкі. Таму я вырашыла звярнуцца ад свайго імя, а подпісы прыклала для таго, каб было відаць, колькі людзей супраць. І гэта толькі частка людзей, бо мы спяшаліся і збіралі подпісы толькі чатыры дні. Інакш іх было б у некалькі разоў больш.
Таццяна Рысявец таксама паведаміла, што супрацоўнікі міліцыі склалі на яе адміністрацыйны пратакол паводле артыкула аб арганізацыі несанкцыянаванага мітынга 25 сакавіка. Неўзабаве над ёй адбудзецца суд.
Тым часам пратэстныя настроі жыхароў пасёлка Дружны становяцца больш радыкальнымі. Па словах яшчэ адной актывісткі ініцыятыўнай групы Алены Будкоўскай, “кожны дзень ад людзей чуеш, што трэба самім разабраць тое, што ўжо пабудавана, запакаваць і адправіць у Расію. Альбо аплаціць ім дарогу, альбо ўвогуле знішчыць".
- Гэта кажа пра тое, што ў грамадзтве ўзнікла нядобрая напружанасьць, - сцвярджае Будкоўская.
Заяву супраць будаўніцтва завода з подпісамі 6 тысяч жыхароў Дружнага актывісты ініцыятыўнай групы накіроўвалі таксама ў Пракуратуру, Канстытуцыйны суд і ўрад краіны. Адказ яны меліся атрымаць да 14 траўня, аднак вышэйшыя дзяржаўныя ўстановы пакуль маўчаць.
Грамадзкі актывіст Сяргей Абразоўскі кажа пра далейшыя крокі ў такіх абставінах:
- Перадусім будзем падаваць у суд на ўрад і аблвыканкам, будзем спрабаваць звяртацца ў міжнародныя структуры па дапамогу. Калі ўладныя структуры сваёй дзяржавы дзейнічаюць супраць інтарэсаў насельніцтва, значыць, трэба выходзіць на тыя структуры, якія падтрымліваюць насельніцтва. На тыя палітычныя партыі, якія падтрымліваюць насельніцтва. Іншага выйсця ў нас папросту няма, - упэўнены Абразоўскі.
Тым часам, у сераду, 21 траўня, адбудзецца чарговае судовае паседжаньне па адміністрацыйнай справе супраць Сяргея Абразоўскага. Яго чарговым разам вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванага мітынга пратэсту жыхароў пасёлка Свіслач 29 сакавіка. За аналагічны мітынг у пасёлку Дружны спадар Абразоўскі пакараны штрафам 1 млн. 400 тысяч рублёў.
17 траўня ў Мар'інай Горцы, адміністрацыйным цэнтры Пухавіцкага раёну, адбыўся сход з удзелам кіраўніка Акадэміі навук Міхаіла Мясніковіча, прадстаўнікоў міністэрстваў прыродных рэсурсаў, аховы здароўя, кіраўніцтва Мінскай вобласці і Пухавіцкага раёна. Аднак на гэты мітынг не пусцілі ніводнага з тых 6 тысяч чалавек, якія паставілі свае подпісы супраць будаўніцтва завода.
Нагадаем, будаўніцтва завода па вытворчасці пестыцыдаў распачынае расійская прыватная кампанія “Август-Бел”. Супраць будаўніцтва заводу пратэстуюць жыхары пасёлкаў Дружны, Свіслач, Рудзенск, Дукоры ды іншых паселішчаў. Яны ня вераць у праўдзівасць афіцыйных заяваў і высновам дзяржаўных экспертаў, і дамагаюцца незалежнай экалагічнай экспертызы і мясцовага рэфэрэндума пра мэтазгоднасць будаўніцтва шкоднай вытворчасці.
Дзяржаўныя чыноўнікі заяўляюць, што канчаткова гэтае пытанне павінен вырашыць урад краіны. Аднак у прадстаўніцтве кампаніі “Август-Бел” паведамілі, што неабходныя дакументы на будаўніцтва атрыманыя, і ўжо вядзецца набор працоўнага персаналу. Актывісты ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва заводу рыхтуюць дакумэнты ў суд на кампанію “Август-Бел”, а таксама на мясцовыя ўлады паводле фактаў парушэння дзейнага заканадаўства пры падрыхтоўцы да будаўніцтва.
Паводле Радыё Свабода
