Навiны
- Абхазію і Паўднёвую Асэтыю не прызнаюць да вясны
- Белорусская АЭС будет построена на Островецкой площадке
- Решение по ИП принято. Уступок не будет
- По делу о минском взрыве еще допросят тысячи людей
- Александр Лукашенко обещает либерализацию жизни всего общества
- АДС хочуць стаць трэцімі
- Зарэгістраваны Гомельскі абласны БНФ
- Лукашенко: Я зарплату бюджетникам не сокращал
- “Мы готовы взять часть ответственности за происходящее в стране”
- В отличие от президента 70% белорусов знают о кризисе
- Рух “За Свабоду” стаў легальным
- Вінцук Вячорка: У нас тры акцэнты: маніторынг сытуацыі, пошукі выйсьця з крызісу і вылучэньне партыйнага кандыдата ў прэзыдэнты
- ИП потребовали сохранить им прежние условия работы
- ЦИК уполномочен изучить
- Александр Милинкевич: Европа беспокоится за Беларусь
Жанна Літвіна: «Журналісты апынуліся на перадавой, як штрафная рота…»
На наступны дзень пасьля ператрусаў у офісах і кватэрах беларускіх незалежных журналістаў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна ўзяла ўдзел ў міжнароднай канфэрэнцыі «Беларусь у Эўропе: эканамічнае супрацоўніцтва і палітычны дыялёг», якая праходзіла ў Вене і на якую таксама былі запрошаныя прадстаўнікі афіцыйнага Менску.
Аднак ці магчымы нейкі “дыялёг” пасьля жорсткага разгону мірнай дэманстрацыі на Дзень Волі - 25 сакавіка і масштабнага перасьледу незалежных журналістаў з боку КДБ, што выявілася ў масавых ператрусах 27-28 сакавіка па ўсёй краіне. Пра гэта прэс-служба БАЖ гутарыць з Жаннай Літвіной.
- Ці прагучала на канфэренцыі тэма беларускіх СМІ і ў якім кантэксьце?
- Асноўная ўвага на канфэрэнцыі, безумоўна, надавалася пытаньням эканамічнага характару. Але адна з сэкцыяў была цалкам прысьвечаная праблемам грамадзянскай супольнасьці Беларусі — працы няўрадавых арганізацыяў і прэсы. На жаль, паўнавартаснай дыскусіі, дыялёгу адносна месца і ролі прэсы ў беларускім грамадзтве не адбылося, але магчымасьць выказаць свае меркаваньні была.
У сваім выступе я падкрэсьліла, што «дыялёг» прадугледжвае найперш свабодны абмен думкамі — а гэта значыць, свабоду слова. І функцыю форуму павінныя ўзяць на сябе мас-мэдыя. Для таго, каб гэта адбылося, патрэбна выкананьне шэрагу ўмоваў. Гэта найперш адмена альбо мараторый на самыя адыёзныя артыкулы Крымінальнага кодэксу — датычныя паклёпу, абразы прэзыдэнта ці прадстаўніка ўлады, дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Павінна быць зьнята забарона на друк і распаўсюд незалежнай грамадзка-палітычнай прэсы, каб сфармаваўся цывілізаваны мэдыярынак. А звышзадача — гэта раздзяржаўленьне і дэманапалізацыя дзяржаўнай прэсы.
- Ці абмяркоўваліся непасрэдна падзеі 25 і 27 сакавіка — затрыманьні і ператрусы ў журналістаў?
- Тэма «аблавы» на незалежных журналістаў, безумоўна, прыцягнула ўвагу. Бадай, рэакцыю на яе можна вызначыць як зьдзіўленьне — нават з боку прадстаўнікоў афіцыйнай беларускай дэлегацыі. Мне падалося, што ў нейкія моманты ў іх нават узьнік сумнеў, што я кажу праўду. Такога сапраўды ніколі не было — нават у дачыненьні да палітычнай апазыцыі. Адметна, што першымі, да каго такія жорсткія захады былі прымененыя, аказаліся журналісты…
І тады, і сёньня мне падаецца, што мэтай гэтага разгрому было — нагнаць страху на журналістаў, перашкодзіць распаўсюду незалежнай інфармацыі. Некаторыя экспэрты зьвязваюць гэта з набліжэньнем выбараў у парлямэнт. Але мне падаецца, што ідзе падрыхтоўка да нейкай больш значнай падзеі — магчыма, гэта зьвязана з правядзеньнем рэфэрэндума ўвосень, з прыняцьцем Канстытуцыйнага акту, з рэгуляваньнем узаемадачыненьняў з Расеяй.
- Ад удзельнікаў міжнародных сустрэчаў даводзіцца чуць, што часам у пытаньнях з залы, у асобных выступах прадстаўнікоў эўраструктураў адчуваецца моцнае лёббі афіцыйнага Менску…
- Калі казаць аб’ектыўна, Эўропа сапраўды шукае шляхоў супрацоўніцтва. Раней абвяшчалася «пакрокавая стратэгія» разьвіцьця дыялёгу з Беларусьсю, зараз абраная стратэгія з «12 прапановаў і патрабаваньняў». Іншая справа, што ў большасьці сваёй гэтыя спробы проста не прымаюцца афіцыйным Менскам. Улады не разумеюць, што ня можа быць інтэграцыі ў Эўропу толькі па пытаньнях супрацоўніцтва ў энэргетычнай, транспартнай альбо нейкай іншай асобнай галіне. У эўрапейскай супольнасьці ёсьць прынцыповыя пазыцыі, зьвязаныя з сыстэмай эўрапейскіх каштоўнасьцяў. І ніякія эканамічныя інтарэсы іх не пераважаць.
Насамрэч, канфэрэнцыя ў Вене пачалася з таго, што экспэрты адзначылі станоўчыя крокі Беларусі насустрач Эўропе: гэта згода афіцыйнага Менска на адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўракамісіі Беларусі; вызваленьне часткі палітзьняволеных і г.д.
Аднак падзеі, якія адбыліся 25 і 27 сакавіка, у чарговы раз паказалі, што ўлада помсьлівая і няшчырая. У пэўныя моманты яна сабе дазваляе гульню ў дэмакратызацыю, але на самой справе праблемы, зьвязаныя з дэмакратыяй, у нас загнаныя вельмі глыбока — як застарэлая хвароба. І тут проста касмэтычнымі захадамі не абысьціся.
- На затрыманьні журналістаў і «рэйд спэцслужбаў» адгукнулася рэкордная колькасьць міжнародных структураў, журналісцкіх і праваабарончых арганізацыяў. З заявамі пратэсту выступілі Эўрапарлямэнт, Эўразьвяз, АБСЭ, Дзярждэпартамэнт ЗША, Міжнародная фэдэрацыя журналістаў, Сусьветная асацыяцыя газетаў (WAN), Камітэт па абароне журналістаў, «Amnesty International», «Рэпарцёры бязь межаў» і іншыя арганізацыі. Артыкулы на гэтую тэму зьявіліся бадай ва ўсіх буйных замежных выданьнях. Ці можа розгалас "звонку" хоць неяк уплываць на сытуацыю ўнутры краіны?
- У першую чаргу на наш заклік аб дапамозе адгукнуліся партнэрскія журналісцкія арганізацыі. Гэта вельмі важна і прынцыпова для нас — адчуваць сябе часткай міжнароднай журналісцкай супольнасьці...
Але міжнародная рэакцыя мае значэньне і для ўлады. Сёньня яна ў глабальным маштабе паставіла задачу — стварыць станоўчы вобраз Беларусі як цывілізаванай дэмакратычнай краіны. Але атрымліваецца гэта пакуль даволі няўклюдна. Яскравым прыкладам зьяўляецца нават тая ж венская канфэрэнцыя. Магчыма, дзяржаўная прэса пазьней падасьць уласнае бачаньне вынікаў той сустрэчы. Але бясспрэчна тое, што «трыюмфальнай справаздачы» ў Вене з афіцыйнага боку не атрымалася.
У мяне нават зьявілася думка: ці не наўмысна да падрыхтоўкі такога кшталту сустрэчаў прыцягваюць людзей не зусім дасьведчаных у стасунках з эўрапейскімі структурамі — каб «замарозіць» гэты накірунак, утрымаўшы Беларусь у сфэры палітычных і эканамічных інтарэсаў суседняй краіны — Расеі?
Але найбольш мяне непакоіць іншае. Незалежная беларуская журналістыка зараз апынулася на «перадавой», як штрафная рота. І ўлада дэманструе, што самае прыярытэтнае для яе пытаньне — гэта кантроль за інфармацыяй. Пакуль яна ўладарыць над інфармацыяй, яна будзе ўпэўненая ў сваёй стабільнасьці і ў тым, што яна трымае пад кантролем усё грамадзтва…
