Навiны
- Абхазію і Паўднёвую Асэтыю не прызнаюць да вясны
- Белорусская АЭС будет построена на Островецкой площадке
- Решение по ИП принято. Уступок не будет
- По делу о минском взрыве еще допросят тысячи людей
- Александр Лукашенко обещает либерализацию жизни всего общества
- АДС хочуць стаць трэцімі
- Зарэгістраваны Гомельскі абласны БНФ
- Лукашенко: Я зарплату бюджетникам не сокращал
- “Мы готовы взять часть ответственности за происходящее в стране”
- В отличие от президента 70% белорусов знают о кризисе
- Рух “За Свабоду” стаў легальным
- Вінцук Вячорка: У нас тры акцэнты: маніторынг сытуацыі, пошукі выйсьця з крызісу і вылучэньне партыйнага кандыдата ў прэзыдэнты
- ИП потребовали сохранить им прежние условия работы
- ЦИК уполномочен изучить
- Александр Милинкевич: Европа беспокоится за Беларусь
"Посьпехаў нацыі, якая сёньня змагаецца за дэмакратыю і сваю свабоду!" Выступ прэзыдэнта Адамкуса на сьвяткаваньні 90-х угодак БНР у Вільні
У Сэйме Літвы адбылося ўрачыстае сьвяткаваньне 90-годзьдзя незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі. З прывітальнымі словамі выступілі Прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус, сьпікер Сэйму Віктарас Мунцянас, віцэ-сьпікер і лідэр партыі "Саюз Айчыны" Андрус Кубілюс, першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў. Вёў сустрэчу дэпутат Сэйму, сыгнатар Акту Незалежнасьці Літвы Эмануэліс Зінгерыс.
Урачыстасьць пачалася беларускім нацыянальным гімнам "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Заля была ўпрыгожаная літоўскімі і беларускімі нацыянальнымі сьцягамі. Бел-чырвона-белым сьцягам была аздобленая і галоўная трыбуна.
Слова віншаваньня Прэзыдэнта Літоўскай Рэспублікі Валдаса Адамкуса, сказанае на сьвяткаваньні 90-годзьдзя абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі
Шаноўныя спадарыні, Шаноўныя спадары,
Я рады гэтаму спатканьню, на якім магу павітаць 90-годзьдзе заснаваньня Беларускае Народнае Рэспублікі!
Літва сёлета гэтаксама адсьвяткавала сваё 90-годзьдзе. Нашыя дзяржавы тварыліся з тае самае замеці Першае ўсясьветнае вайны, аднак мы бачым, якія адрозныя іхныя лёсы.
Гісторыкам, пэўна, яшчэ давядзецца адказаць на пытаньне, ці ў пачатку мінулага стагодзьдзя беларусы не былі як тыя прусы, што, ахвяраваўшы сабою, далі нашаму народу яшчэ адзін гістарычны шанц. Шанц, які Літва пасьпяхова скарыстала.
Аднак мы ня можам і ня маем права забывацца, што няўдача Беларусі 90 год таму была й паразаю Літвы. Незайздроснае геапалітычнае становішча, у якім тады апынулася нашая краіна, збольшага і склалася таму, што мы згубілі апірышча, зь якім стагодзьдзямі натуральна, арганічна былі зросшыся.
Таму 25 сакавіка 1918 году для Літвы вельмі важная дата. Важная для нашага самаўсьведамленьня, для сучаснасьці й ня менш важная - для будучыні Літвы і Беларусі.
Свабодная, незалежная Беларусь - гэта стратэгічны інтарэс нашай краіны. Ня толькі дзеля культурных, гістарычных чыньнікаў, несумненна, нам блізкіх ды важных.
Свабодная, незалежная Беларусь забясьпечвае Літве магчымасьць вырвацца зь ценю вялікіх і ствараць у гэтым рэгіёне "перакрыжаваньня вялікіх" дачыненьні, угрунтаваныя не на чыіхсьці сакрэтных ці паўсакрэтных змовах, а на нармальным суседзкім дыялёгу.
Параўнайма, як па-рознаму вырашалася пытаньне дзяржаўных межаў зь Беларусьсю і зь іншай вельмі вялікай нашай суседкай. Летась мяжа Літвы і Беларусі была канчаткова дэмаркаваная - нармальна, без напругі, без чыйго б ні было ціску. Можа таму і сама падзея прайшла амаль незаўважна. А мяжу нашай краіны на захадзе дагэтуль нават не пачалі дэмаркаваць, хоць для гэтага, відавочна, няма ніякіх сур'ёзных перашкодаў.
Зь Беларусьсю мы не адно пытаньне вырашылі вось так: без напругі, бяз спробаў ператварыць двухбаковыя інтарэсы ў інструмэнт палітыканства. А там, дзе нашыя погляды разыходзіліся, мы не ўнікалі іхнага адкрытага, безь няшчырай лісьлівасьці, абмеркаваньня.
І сёньня я магу паўтарыць: у нас выклікае вялікую занепакоенасьць стан дэмакратыі ў Беларусі. Для нас непрымальны той факт, што грамадзянаў могуць перасьледаваць і зьнявольваць за іхныя погляды ці выказаныя словы крытыкі ў адрас улады, і мы настойваем на спыненьні такіх дзеяньняў.
Аднак я веру, што гэтыя адрозьненьні не перакрыюць нам шлях вырашэньня пытаньняў, зьвязаных зь лёсам Літвы й Беларусі, з нацыянальнай бясьпекай, незалежнасьцю і доўгатэрміновым нацыянальным дабрабытам нашых краінаў.
Сёньня мы бачым намаганьні - верма, шчырыя - замацаваць незалежнасьць Беларусі, запэўніць доўгатэрміновую бясьпеку й росквіт краіны. Аднак у нас узьнікае пытаньне, ці, адварочваючыся ад заходніх і эўрапейскіх каштоўнасьцяў, Беларусь сапраўды дасягне таго, да чаго імкнецца.
Можам толькі здагадвацца, наколькі абдуманыя дзеяньні беларускіх службоўцаў, калі зь Менску высылаюць заходніх дыпляматаў, калі затрымліваюць журналістаў зь Літвы ці іншых краінаў, калі ламаюць іхныя камэры, калі пры перасячэньні дзяржаўнае мяжы з дробязнай прычыны канфіскуецца законна набытая маёмасьць. Такіх дзеяньняў мы сапраўды не падтрымліваем і лічым іх шкоднымі для інтарэсаў самой Беларусі.
Аднак мы падтрымлівалі - і будзем падтрымліваць - разумныя дзеяньні, скіраваныя на аднаўленьне шчыльнейшых сувязяў з Захадам, з Эўропай.
Зразумела, Беларусь сама выбера, якім шляхам ісьці. Аднак 90 гадоў таму мы бачылі,што адбываецца, калі кірункі руху Літвы й Беларусі не супадаюць. Таму мы зацікаўленыя, каб нашыя суседзі абралі эўрапейскі шлях, і маем права заявіць гэта.
Мы зацікаўленыя, каб Беларусь, як і краіны Балтыі, тварыла будучыню ў сям'і эўрапейскіх народаў.
Лепш за ўсё нагадаць гэта тут, сёньня, сьвяткуючы ўгодкі Беларускае Народнае Рэспублікі. Посьпехаў нацыі, якая сёньня змагаецца за дэмакратыю і сваю свабоду!(пераклад Прэс-групы Партыі БНФ)


Фота © 2006 Lietuvos Respublikos Prezidento kanceliarija
Прэс-група Партыі БНФ
