Анонс акцыяў
5 ноября в 13.00 в офисе ОГП пройдет заседание Президиума ОДС
19:27, 31 кастрычніка
3 ноября в 11.00 в офисе ОГП состоится заседание Нацкома ОДС
19:32, 31 кастрычніка
2 ноября, 12.00, Московское кладбище, "Дзяды"
19:34, 31 кастрычніка
Рэзалюцыя “Аб ушанаваньні памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій”
Трагічнае ХХ стагодзьдзе вызначылася ў гісторыі чалавецтва палітычным, ідэалагічным цемрашальствам, бяспрыкладным узмацненьнем жорсткага таталітарызму. Асаблівы размах набылі рэпрэсіі супраць грамадзян у СССР. Пасьля зьвяржэньня царскага рэжыму ў Расіі і ўстанаўленьня бальшавіцкай дыктатуры, пачынаючы ад “чырвонага тэрору” і да іезуіцкага прыцясьненья іншадумцаў у 60 – 80 гады, савецкія карныя органы не спынялі маштабнага, бязлітаснага перасьледу людзей, якія змагаліся за свае чалавечыя правы і свабоды.
У эпоху праўленьня крывавага дыктатара І. Сталіна рэпрэсіі сталі пастаяннымі, планавымі і нават набылі характар генацыду цэлых народаў, якія ўваходзілі ў склад СССР. ГУЛАГ паглынуў больш як 600 тысяч беларускіх жыхароў, а з улікам іншых катэгорый афіцыйна рэпрэсаваных гэтая лічба перавышае 1, 5 мільёна чалавек. Самым жахлівым прыкладам злачынстваў сталінскіх карнікаў супраць чалавечнасьці стала тое, што 29 кастрычніка 1937 года толькі за адну ноч у Мінску былі расстраляны каля 100 выдатных прадстаўнікоў творчай і навукова-тэхнічнай інтэлігенцыі Беларусі.
Улічваючы выключную важнасьць вяртаньня гістарычнай праўды і ўсенароднай памяці пра бязвінна рэпрэсаваных, закатаваных, забітых людзей, Кангрэс дэмакратычных сіл Беларусі падтрымлівае ініцыятывы створанага 20 лістапада 2006 года Грамадскага аргкамітэта па адраджэньні памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. У 2007 годзе, які павінен стаць Годам Памяці, трэба прадоўжыць перагляд судовых спраў і рэабілітаваць невінаватых грамадзян, добраўпарадкаваць і абсталяваць мемарыльнымі знакамі месцы зьняволеньня і расстрэлаў, правесьці жалобныя царкоўныя службы, літургіі, памінаньні і мітынгі, пачаць збор дакументальных матэрыялаў для будучага мемарыяльнага музея ў Мінску. Неабходна актыўна заняцца адраджэньнем роднай гісторыі, мовы і культуры, якія таксама падпалі пад сталінскі генацыд. Чынны ўдзел у гэтай высакароднай працы, у правядзеньні жалобных масавых мерапрыемстваў абавязаны прыняць і грамадзянскія ініцыятывы і прадстаўнікі беларускіх уладаў.
Кангрэс дэмакратычных сіл Беларусі звяртаецца да заканадаўчых органаў, прэзідэнта і ўрада краіны з прапановай устанавіць дзень 29 кастрычніка Днём Памяці ахвяр палітычных рэпрэсій і адзначаць яго кожны год на дзяржаўным узроўні.
Кангрэс дэмакратычных сіл Беларусі лічыць, што ўсе вышэй пералічаныя захады хоць у нейкай меры ўсталююць справядлівасьць, будуць спрыяць умацаваньню маральнага здароўя, стваральнага духу нацыі, яе грамадзянскай кансалідацыі, дапамогуць у справе пабудовы суверэннай, цывілізаванай беларускай дзяржавы.
