Анонс акцыяў
5 ноября в 13.00 в офисе ОГП пройдет заседание Президиума ОДС
19:27, 31 кастрычніка
3 ноября в 11.00 в офисе ОГП состоится заседание Нацкома ОДС
19:32, 31 кастрычніка
2 ноября, 12.00, Московское кладбище, "Дзяды"
19:34, 31 кастрычніка
Малая Канстытуцыя Беларусі
Канстытуцыйны закон Рэспублікі Беларусь «Аб сістэме і паўнамоцтвах органаў дзяржаўнай улады, а таксама органаў мясцовага самакіравання»
Дадзены Канстытуцыйны закон аб сістэме і паўнамоцтвах органаў дзяржаўнай улады, а таксама органаў мясцовага самакіравання, які называецца ў далейшым «Малая Канстытуцыя», прымаецца ў мэтах выйсця беларускай дзяржавы і грамадства з зацяжнога канстытуцыйнага крызісу, забеспячэння ў краіне канстытуцыйнай законнасці, праў и свабод чалавека і грамадзяніна.
Рэспубліка Беларусь прызнае, выконвае і забяспечвае агульнапрызнаныя правы і свабоды чалавека, замацаваныя ў Канстытуцыі і законах, а таксама прадугледжаныя яе міжнароднымі абавязацельствамі.
Міжнародныя дамовы, ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь, з'яўляюцца састаўной часткай нацыянальнага заканадаўства і выкарыстоўваюцца ўсімі дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі як непасрэдна дзеючае права.
Малая Канстытуцыя носіць часовы характар і дзейнічае аж да прыняцця новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
РАЗДЗЕЛ І. ВЫБАРЧАЯ СІСТЭМА. РЭФЕРЭНДУМ
Глава 1. ВЫБАРЧАЯ СІСТЭМА
Артыкул 1. Выбары дэпутатаў і іншых асоб, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады, а таксама на пасады ў органах мясцовага самакіравання народам, з'яўляюцца ўсеагульнымі: права абіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў.
У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі. Любое непасрэднае або ўскоснае абмежаванне выбарчых правоў грамадзян у іншых выпадках з'яўляецца недапушчальным і караецца згодна з законам.
Узроставы цэнз дэпутатаў і іншых асоб, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады, вызначаецца адпаведнымі законамі, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.
Артыкул 2. Выбары з'яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць.
Ніхто не мае права ўплываць на выбаршчыка з мэтай прымусіць яго рознымі спосабамі да ўдзелу або няўдзелу ў выбарах, а таксама на яго волевыяўленне.
Падрыхтоўка і правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта і галосна.
Артыкул 3. Выбары з'яўляюцца роўнымі: выбаршчыкі маюць роўную колькасць галасоў.
Колькасць выбаршчыкаў у кожнай выбарчай акрузе для выбрання аднаго дэпутата пры кожным відзе выбараў не можа адрознівацца больш чым на 10 працэнтаў.
Кандыдаты, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады, а таксама на пасады ў органах мясцовага самакіравання, удзельнічаюць у выбарах на роўных падставах.
Артыкул 4. Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Вярхоўнай Рады Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў прадстаўнічых органаў і службовых асоб мясцовага самакіравання з'яўляюцца прамымі — яны выбіраюцца грамадзянамі непасрэдна.
Артыкул 5. Галасаванне на выбарах з'яўляецца тайным: кантроль за волевыяўленнем выбаршчыкаў у ходзе галасавання забараняецца.
Артыкул 6. Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць палітычным партыям, выбарчым блокам (саюзам) палітычных партый, а таксама грамадзянам у парадку, устаноўленым законам.
Артыкул 7. Расходы на падрыхтоўку і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца за кошт дзяржавы ў межах сродкаў, спецыяльна вылучаных на гэтыя мэты.
Кандыдаты, што выбіраюцца народам на дзяржаўныя пасады, а таксама на пасады ў органах мясцовага самакіравання, палітычныя партыі, выбарчыя блокі (саюзы) палітычных партый, якія прымаюць удзел у выбарах, маюць права ствараць выбарчыя фонды за кошт уласных сродкаў і добраахвотных унёскаў арганізацый і грамадзян у парадку, устаноўленым законам.
Артыкул 8. Правядзенне выбараў, садзейнічанне ў рэалізацыі выбарчых праў грамадзян, кантроль за іх выкананнем забяспечваюць выбарчыя камісіі.
Цэнтральная выбарчая камісія з'яўляецца стала дзеючым органам дзяржаўнай улады, які ажыццяўляе падрыхтоўку і правядзенне выбараў і рэферэндумаў у Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з кампетэнцыяй, устаноўленай законам.
Цэнтральная выбарчая камісія фарміруецца з прадстаўнікоў палітычных партый, выбарчых блокаў (саюзаў) палітычных партый, якія атрымалі прадстаўніцтва ў Вярхоўнай Радзе па выніках галасавання па прапарцыйнай сістэме. Акрамя таго, у склад Цэнтральнай выбарчай камісіі ў парадку, устаноўленым законам, таксама дэлегуецца па адным прадстаўніку ад абласцей і горада Мінска.
Іншыя выбарчыя камісіі фарміруюцца ў парадку, устаноўленым законам.
Рашэнні выбарчых камісій, якія парушаюць выбарчыя правы грамадзян, могуць быць абскарджаныя ў судовым парадку.
Артыкул 9. Умовы прадстаўлення выбарчага права грамадзянам замежных дзяржаў могуць быць устаноўленыя законам.
Артыкул 10. Парадак правядзення выбараў вызначаецца Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь.
Выбары не праводзяцца ў перыяд надзвычайнага або ваеннага становішча.
Глава 2. РЭФЕРЭНДУМ (НАРОДНАЕ ГАЛАСАВАННЕ)
Артыкул 11. Для вырашэння найважнейшых пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця могуць праводзіцца рэспубліканскія і мясцовыя рэферэндумы.
Артыкул 12. На рэспубліканскі рэферэндум не выносяцца пытанні, звязаныя
з магчымым парушэннем тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь;
са змяненнем парадку і тэрмінаў абрання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Вярхоўнай Рады, суддзяў.
На рэспубліканскі рэферэндум таксама не выносяцца іншыя пытанні, устаноўленыя законам.
Артыкул 13. Рэферэндумы ў Рэспубліцы Беларусь праводзяцца на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога выбару тайным галасаваннем.
У рэферэндумах удзельнічаюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам.
Артыкул 14. Рэспубліканскія рэферэндумы назначаюцца рашэннем Вярхоўнай Рады, прынятым большасцю не менш як у дзве трэці галасоў ад ліку абраных дэпутатаў.
Прапанову аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму маюць права ўносіць дэпутаты Вярхоўнай Рады ў колькасці не меней за 60 чалавек або не менш за 300 тысяч грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у тым ліку не менш як 30 тысяч грамадзян ад кожнай з абласцей і горада Мінска.
Артыкул 15. Вярхоўная Рада не пазней чым за 30 дзён пасля ўнясення на яе разгляд у адпаведнасці з законам прапановы аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму абавязана прызначыць дату правядзення рэферэндуму або адмовіць у прызначэнні рэферэндуму матываванай пастановай.
Дата правядзення рэферэндуму ўстанаўліваецца не пазней як праз чатыры месяцы з дня прыняцця пастановы Вярхоўнай Рады аб прызначэнні рэферэндуму.
Рашэнне Вярхоўнай Рады аб прызначэнні або аб адмове ў прызначэнні рэспубліканскага рэферэндуму на працягу 30 дзён можа быць аспрэчана ў Канстытуцыйным Трыбунале Рэспублікі Беларусь.
Рашэнне Канстытуцыйнага Трыбунала па дадзеным пытанні з'яўляецца канчатковым.
Артыкул 16. Рашэнні, прынятыя рэспубліканскім рэферэндумам, падпісваюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 17. Мясцовыя рэферэндумы назначаюцца адпаведнымі прадстаўнічымі органамі мясцовага самакіравання па сваёй ініцыятыве або па прапанове не менш як 10 працэнтаў грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі.
Артыкул 18. Парадак назначэння і правядзення рэспубліканскіх і мясцовых рэферэндумаў вызначаецца Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь.
РАЗДЗЕЛ 2. ПРЭЗІДЭНТ, ПАРЛАМЕНТ, УРАД, СУД
Глава 3. ПРЭЗІДЭНТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Артыкул 19. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь з'яўляецца Кіраўніком дзяржавы.
Прэзідэнт прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у зносінах з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
Прэзідэнт арганізуе ўзаемадзеянне органаў дзяржаўнай улады, а таксама органаў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання.
Прэзідэнт з'яўляецца Вярхоўным Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь і ў парадку, вызначаным Канстытуцыяй і законамі, прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці. У мірны час Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь кіруе Узброенымі Сіламі праз Міністра абароны.
Прэзідэнт валодае недатыкальнасцю на час выканання паўнамоцтваў.
Артыкул 20. Прэзідэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам і стала пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш за дзесяць гадоў непасрэдна перад выбарамі.
Артыкул 21. Прэзідэнт выбіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь. Адна і тая ж асоба не можа быць Прэзідэнтам больш за два тэрміны.
Кандыдаты на пасаду Прэзідэнта вылучаюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь шляхам збору не менш за 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў.
Выбары Прэзідэнта назначаюцца Вярхоўнай Радай не пазней чым за пяць месяцаў і праводзяцца не пазней чым за два месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзідэнта.
Калі пасада Прэзідэнта аказалася вакантнай, выбары павінны быць праведзены на працягу трох месяцаў з дня адкрыцця вакансіі.
Артыкул 22. Лічыцца, што выбары адбыліся, калі ў галасаванні прынялі ўдзел больш за палову грамадзян Рэспублікі Беларусь, уключаных у спіс выбаршчыкаў.
Прэзідэнт лічыцца выбраным, калі за яго прагаласавала больш як палова грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія прынялі ўдзел у галасаванні.
Калі ні адзін з кандыдатаў не набраў неабходнай колькасці галасоў, то ў двухтыднёвы тэрмін праводзіцца другі тур галасавання па двух кандыдатах, якія атрымалі найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў. Выбраным лічыцца кандыдат у Прэзідэнты, які атрымаў пры паўторным галасаванні больш за палову галасоў выбаршчыкаў, што прынялі ўдзел у галасаванні.
Парадак правядзення выбараў Прэзідэнта вызначаецца законам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 23. Прэзідэнт заступае на пасаду пасля прынясення Прысягі наступнага зместу:
«Заступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі».
Прысяга прыносіцца ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці дэпутатаў Вярхоўнай Рады, суддзяў Канстытуцыйнага Трыбунала, Вярхоўнага Суда, Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Вышэйшага Адміністратыўнага Суда і не пазней за два месяцы з дня абрання Прэзідэнта. З моманту прынясення Прысягі новавыбраным Прэзідэнтам паўнамоцтвы папярэдняга Прэзідэнта спыняюцца.
Артыкул 24. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь:
1) вядзе перамовы, падпісвае міжнародныя дамовы Рэспублікі Беларусь;
2) па прадстаўленні Урада прызначае і адклікае дыпламатычных прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах і пры міжнародных арганізацыях, прымае даверчыя і адзыўныя граматы дыпламатычных прадстаўнікоў замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый, надае вышэйшыя дыпламатычныя рангі і спецыяльныя званні;
3) назначае выбары ў Вярхоўную Раду;
4) прымае рашэнне аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады ў выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй;
5) прадстаўляе Вярхоўнай Радзе кандыдатуру Прэм'ер-міністра;
6) прадстаўляе Вярхоўнай Радзе кандыдатуры на пасаду Старшыні Вярхоўнага Суда, Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Старшыні Вышэйшага Адміністратыўнага Суда, Старшыні Канстытуцыйнага Трыбунала, Генеральнага пракурора, Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка;
7) па прадстаўленні органаў судзейскага самакіравання прызначае суддзяў ніжэйшых судоў Рэспублікі Беларусь і вызваляе іх ад пасады, за выключэннем міравых суддзяў;
8) па прадстаўленні Урада ў выпадку стыхійнага бедства, катастрофы, а таксама беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам ці пагрозай гвалту з боку групы асоб і арганізацый, у выніку якіх узнікае небяспека жыццю і здароўю людзей, тэрытарыяльнай цэласнасці і існаванню дзяржавы, уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або ў асобных яе мясцовасцях надзвычайнае становішча з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на разгляд Вярхоўнай Рады;
9) уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у выпадку ваеннай пагрозы або нападу ваеннае становішча, абвяшчае поўную або частковую мабілізацыю з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на разгляд Вярхоўнай Рады;
10) штогод звяртаецца з Пасланнем да Вярхоўнай Рады аб становішчы ў дзяржаве;
11) падпісвае законы Рэспублікі Беларусь і рашэнні рэспубліканскіх рэферэндумаў;
12) у парадку, устаноўленым Канстытуцыяй, мае права вяртаць закон са сваімі пярэчаннямі ў Вярхоўную Раду;
13) валодае правам заканадаўчай ініцыятывы;
14) вырашае пытанні аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь і яго спыненні, а таксама аб прадстаўленні прытулку;
15) па прадстаўленні Урада ўзнагароджвае дзяржаўнымі ўзнагародамі, надае класныя чыны, званні;
16) па прадстаўленні Урада надае вышэйшыя воінскія званні;
17) ажыццяўляе памілаванне асуджаных;
18) фарміруе Канцылярыю Прэзідэнта, якая забяспечвае яго дзейнасць;
19) утварае, рэарганізуе і ліквідуе Раду Бяспекі, а таксама іншыя кансультатыўна-дарадчыя органы пры Прэзідэнце;
20) прызначае прадстаўніка Прэзідэнта ў Вярхоўнай Радзе і іншых службовых асоб, пасады якіх вызначаюцца законам.
Артыкул 25. Прэзідэнт для рэалізацыі сваіх паўнамоцтваў на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законамі выдае ўказы і распараджэнні, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Указы і распараджэнні Прэзідэнта не павінны супярэчыць Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 26. Прэзідэнт не можа займаць іншыя пасады, атрымліваць акрамя заработнай платы грашовыя ўзнагароды, за выключэннем ганарараў за творы навукі, літаратуры і мастацтва.
Прэзідэнт прыпыняе членства ў палітычных партыях, іншых грамадскіх аб'яднаннях, якія маюць палітычныя мэты, на ўвесь тэрмін паўнамоцтваў.
Артыкул 27. Прэзідэнт можа ў любы час падаць у адстаўку. Адстаўка Прэзідэнта прымаецца Вярхоўнай Радай.
Артыкул 28. Прэзідэнт можа быць датэрмінова вызвалены ад пасады пры ўстойлівай няздольнасці па стане здароўя выконваць свае абавязкі. Рашэнне аб датэрміновым вызваленні Прэзідэнта ад пасады прымаецца большасцю не менш за дзве трэці галасоў ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады на падставе заключэння спецыяльна створанай камісіі.
Прэзідэнт можа быць зняты з пасады ў выпадку парушэння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Пытанне аб зняцці Прэзідэнта з пасады можа быць пастаўлена па прапанове не менш як адной трэці ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады. Заключэнне аб факце парушэння Прэзідэнтам Канстытуцыі даецца Канстытуцыйным Трыбуналам.
Рашэнне аб зняцці Прэзідэнта з пасады прымаецца большасцю не менш як у дзве трэці галасоў ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады на падставе заключэння Канстытуцыйнага Трыбунала, які пацвярджае факт парушэння Прэзідэнтам Канстытуцыі.
Прэзідэнт можа быць адхілены ад пасады ў сувязі са здзяйсненнем дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства. Рашэнне аб вынясенні абвінавачання і яго расследаванні прымаецца па прапанове не менш за адну трэць ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады, калі за яго прагаласавала не менш за дзве трэці ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады. Расследаванне па вынесеным абвінавачанні ва ўстаноўленыя тэрміны праводзіць спецыяльны пракурор, прызначаны Вярхоўнай Радай.
Па заканчэнні расследавання спецыяльны пракурор прадстаўляе Вярхоўнай Радзе абвінаваўчае заключэнне ў дачыненні Прэзідэнта або пастанову аб спыненні расследавання на падставах, устаноўленых законам. У выпадку прадстаўлення абвінаваўчага заключэння Вярхоўная Рада большасцю ў дзве трэці галасоў ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады прымае рашэнне аб адхіленні Прэзідэнта ад пасады.
На час расследавання, падрыхтоўкі абвінаваўчага заключэння Вярхоўная Рада большасцю галасоў ад ліку абраных дэпутатаў часова адхіляе Прэзідэнта ад пасады.
Непрыняцце Вярхоўнай Радай рашэння аб адхіленні Прэзідэнта ад пасады на працягу месяца з дня паступлення абвінаваўчага заключэння спецыяльнага пракурора азначае спыненне працэдуры па адхіленні Прэзідэнта ад пасады. Паўторнае ўзбуджэнне працэдуры па адхіленні Прэзідэнта ад пасады па тых жа падставах не дапускаецца.
Артыкул 29. У выпадку вакансіі пасады Прэзідэнта, немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў на падставах, прадугледжаных Канстытуцыяй, яго паўнамоцтвы да прынясення Прысягі зноў абраным Прэзідэнтам выконвае Старшыня Вярхоўнай Рады. У гэтым выпадку паўнамоцтвы Старшыні Вярхоўнай Рады пераходзяць да першага намесніка Старшыні Вярхоўнай Рады.
Артыкул 30. Парадак ажыццяўлення Прэзідэнтам сваіх паўнамоцтваў, фінансавае, матэрыяльнае і іншае забеспячэнне Прэзідэнта вызначаюцца законам.
Глава 4. ПАРЛАМЕНТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ — ВЯРХОЎНАЯ РАДА
Артыкул 31. Парламент Рэспублікі Беларусь — Вярхоўная Рада — з'яўляецца найвышэйшым прадстаўнічым, стала дзеючым і адзіным заканадаўчым органам дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 32. Вярхоўная Рада складаецца з 260 дэпутатаў, абраных грамадзянамі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з законам на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.
Выбары дэпутатаў Вярхоўнай Рады праводзяцца ў адпаведнасці з прынцыпамі прапарцыйна-мажарытарнага прадстаўніцтва: 130 дэпутатаў абіраюцца па аднамандатных выбарчых акругах (адна акруга — адзін дэпутат), 130 дэпутатаў абіраюцца па адзінай тэрытарыяльнай шматмандатнай выбарчай акрузе прапарцыйна ліку галасоў, пададзеных за рэспубліканскія спісы кандыдатаў у дэпутаты, вылучаных афіцыйна зарэгістраванымі Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь да прызначэння выбараў палітычнымі партыямі альбо выбарчымі блокамі (саюзамі) гэтых палітычных партый.
Артыкул 33. Дэпутатам Вярхоўнай Рады можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які валодае выбарчым правам і дасягнуў 21 года.
Артыкул 34. Выбары дэпутатаў Вярхоўнай Рады па мажарытарнай сістэме праводзяцца ў адзін тур па прынцыпе адноснай большасці. Абраным лічыцца кандыдат, які атрымаў большую колькасць галасоў выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні.
Артыкул 35. Тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады — чатыры гады.
Паўнамоцтвы Вярхоўнай Рады могуць быць спыненыя датэрмінова пастановай Вярхоўнай Рады, прынятай большасцю не менш як у дзве трэці ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады.
Паўнамоцтвы Вярхоўнай Рады могуць быць спыненыя датэрмінова па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:
пры двухразовай адмове ў зацвярджэнні кандыдатуры, прапанаванай Прэзідэнтам на пасаду Прэм'ер-міністра, і пры незацвярджэнні пасля гэтага ў пасадзе Прэм'ер-міністра кандыдатуры, прапанаванай дэпутатамі Вярхоўнай Рады;
пры выказванні двухразовага вотуму недаверу Ураду на працягу года.
Вярхоўная Рада не можа быць распушчаная ў час ваеннага і надзвычайнага становішча, уведзенага ў Рэспубліцы Беларусь; у апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ў час вырашэння Вярхоўнай Радай пытання аб датэрміновым вызваленні, зняцці або адхіленні ад пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама калі пасля датэрміновых выбараў Вярхоўнай Рады не прайшло шэсць месяцаў.
Чарговыя выбары Вярхоўнай Рады прызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь не раней чым за пяць месяцаў і не пазней чым за чатыры месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады і праводзяцца не пазней чым за месяц да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады.
Датэрміновыя выбары Вярхоўнай Рады павінны быць праведзены не пазней чым на працягу трох месяцаў пасля прыняцця рашэння аб датэрміновых выбарах.
Артыкул 36. Дэпутаты Вярхоўнай Рады працуюць на прафесійнай сталай аснове.
Дэпутат Вярхоўнай Рады не можа займаць іншыя пасады, атрымліваць акрамя заработнай платы грашовыя ўзнагароды, за выключэннем выкладчыцкай дзейнасці, ганарараў за творы навукі, літаратуры і мастацтва.
Дэпутат Вярхоўнай Рады не можа быць дэпутатам прадстаўнічага органа мясцовага самакіравання.
Артыкул 37. Першая пасля выбараў сесія Вярхоўнай Рады склікаецца Цэнтральнай выбарчай камісіяй не пазней чым праз 30 дзён пасля выбараў.
Першае паседжанне сесіі Вярхоўнай Рады адкрывае найстарэйшы па веку дэпутат.
Паседжанні Вярхоўнай Рады лічацца правамоцнымі, калі ў іх прымае ўдзел не меней за палову дэпутатаў ад поўнага складу Вярхоўнай Рады.
Паседжанні Вярхоўнай Рады праводзяцца адкрыта і галосна. Вярхоўная Рада большасцю галасоў ад абраных дэпутатаў можа прыняць рашэнне аб правядзенні закрытага паседжання.
Артыкул 38. Вярхоўная Рада:
1) прымае і змяняе Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь;
2) прымае законы, пастановы і кантралюе іх выкананне;
3) дае тлумачэнне законаў Рэспублікі Беларусь;
4) прымае рашэнне аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму;
5) назначае выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
6) назначае выбары прадстаўнічых органаў мясцовага самакіравання;
7) абірае суддзяў Канстытуцыйнага Трыбунала Рэспублікі Беларусь і прымае іх адстаўку;
8) абірае на пасаду і вызваляе ад пасады Упаўнаважанага па правах чалавека Рэспублікі Беларусь;
9) абірае на пасаду, вызваляе ад пасады Старшыню і членаў Кантрольнай Палаты Рэспублікі Беларусь і прымае іх адстаўку;
10) абірае на пасаду, вызваляе ад пасады Старшыню і членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь і прымае іх адстаўку;
11) па прадстаўленні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь абірае:
Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь;
Старшыню Канстытуцыйнага Трыбунала Рэспублікі Беларусь;
Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;
Старшыню Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;
Старшыню Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь;
Старшыню Вышэйшага Адміністратыўнага Суда Рэспублікі Беларусь;
Старшыню Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь;
12) па прапанове Прэм'ер-міністра зацвярджае склад Урада Рэспублікі Беларусь, выказвае вотум даверу Ураду, прымае яго адстаўку;
13) па прапанове Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь прызначае намеснікаў Генеральнага пракурора і прымае іх адстаўку;
14) па прапанове органаў судзейскага самакіравання прызначае і вызваляе суддзяў Вярхоўнага Суда, Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Вышэйшага Адміністратыўнага Суда, а таксама прымае іх адстаўку;
15) па прапанове Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь зацвярджае членаў Праўлення Нацыянальнага банка і прымае іх адстаўку;
16) у трохдзённы тэрмін з моманту ўнясення разглядае ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб увядзенні ў краіне ваеннага або надзвычайнага становішча, поўнай або частковай мабілізацыі ваеннаабавязаных;
17) вызначае парадак вырашэння пытанняў адміністратыўна-тэрытарыяльнага ўпарадкавання дзяржавы;
18) вызначае асноўныя кірункі ўнутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь;
19) зацвярджае рэспубліканскі бюджэт і справаздачу аб яго выкананні, нарматывы адлічэнняў ад рэспубліканскіх падаткаў і збораў у мясцовыя бюджэты;
20) вызначае рэспубліканскія падаткі і зборы, ажыццяўляе кантроль над грашовай эмісіяй;
21) ратыфікуе і дэнансуе міжнародныя дамовы Рэспублікі Беларусь;
22) па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацвярджае ваенную дактрыну, абвяшчае вайну і заключае мір;
23) засноўвае дзяржаўныя ўзнагароды, класныя чыны і званні Рэспублікі Беларусь;
24) прымае адстаўку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
25) датэрмінова вызваляе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад пасады пры ўстойлівай няздольнасці па стане здароўя выконваць свае абавязкі;
26) вылучае па прапанове не менш як адной трэці ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады прапанову аб зняцці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з пасады ў выпадку парушэння ім Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Рашэнне аб зняцці Прэзідэнта з пасады прымаецца большасцю не менш як у дзве трэці галасоў ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады на падставе заключэння Канстытуцыйнага Трыбунала, які пацвярджае факт парушэння Прэзідэнтам Канстытуцыі;
27) выносіць па прапанове не менш як адной трэці ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады абвінавачанне супраць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у здзяйсненні дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства.
Прызначае для расследавання спецыяльнага пракурора і на падставе яго заключэння не менш як дзвюма трацямі галасоў ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады прымае рашэнне аб адхіленні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад пасады;
28) прымае па прапанове Урада на падставе рашэння Канстытуцыйнага Трыбунала пастановы аб роспуску прадстаўнічых органаў мясцовага самакіравання ў выпадку грубага або неаднаразовага парушэння імі Канстытуцыі або законаў і прызначае новыя выбары;
29) устанаўлівае дзяржаўныя святы і святочныя дні;
30) прымае рашэнне аб амністыі;
31) адмяняе рашэнні Старшыні Вярхоўнай Рады ў выпадках, калі яны супярэчаць законам і пастановам Вярхоўнай Рады;
32) зацвярджае Рэгламент дзейнасці Вярхоўнай Рады, вырашае іншыя пытанні, аднесеныя Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь да кампетэнцыі Вярхоўнай Рады.
Артыкул 39. Галасаванне на паседжаннях Вярхоўнай Рады ажыццяўляецца дэпутатамі асабіста.
Законы і пастановы Вярхоўнай Рады лічацца прынятымі пры ўмове, калі за іх прагаласавала большасць ад ліку абраных дэпутатаў, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.
Прынятыя законы ў двухтыднёвы тэрмін са дня прыняцця накіроўваюцца на подпіс Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.
Прэзідэнт у двухтыднёвы тэрмін падпісвае закон або вяртае яго ў Вярхоўную Раду непадпісаным са сваімі заўвагамі і прапановамі.
Калі закон на працягу двух тыдняў не вяртаецца Прэзідэнтам у Вярхоўную Раду, ён лічыцца падпісаным.
Калі Вярхоўная Рада на працягу месяца з дня вяртання непадпісанага закона Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь прагаласуе за яго прыняцце большасцю галасоў ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады, закон лічыцца прынятым, і Прэзідэнт абавязаны яго падпісаць у пяцідзённы тэрмін.
Артыкул 40. Вярхоўная Рада з ліку дэпутатаў Вярхоўнай Рады выбірае Старшыню, першага намесніка і намеснікаў Старшыні.
Артыкул 41. Старшыня Вярхоўнай Рады выбіраецца дэпутатамі тайным галасаваннем. Лічыцца, што выбары адбыліся, калі за яго абранне прагаласавала большасць ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады. Старшыня Вярхоўнай Рады падсправаздачны Вярхоўнай Радзе.
Артыкул 42. Старшыня Вярхоўнай Рады:
1) ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва падрыхтоўкай пытанняў, якія падлягаюць разгляду Вярхоўнай Радай;
2) вядзе паседжанні Вярхоўнай Рады;
3) прадстаўляе Вярхоўную Раду ў дачыненнях з іншымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі ў краіне і за мяжой;
4) падпісвае пастановы, прынятыя Вярхоўнай Радай;
5) прадстаўляе Вярхоўнай Радзе кандыдатуры для абрання на пасады першага намесніка і намеснікаў Старшыні Вярхоўнай Рады;
6) кіруе працай апарату Вярхоўнай Рады.
Першы намеснік і намеснікі Старшыні Вярхоўнай Рады выконваюць па даручэнні Старшыні Вярхоўнай Рады асобныя яго абавязкі і замяшчаюць Cтаршыню Вярхоўнай Рады ў выпадку яго адсутнасці або немагчымасці ажыццяўлення ім сваіх абавязкаў.
Артыкул 43. Вярхоўная Рада з ліку дэпутатаў абірае пастаянныя камісіі і іншыя органы для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, якія адносяцца да кампетэнцыі Вярхоўнай Рады, ажыццяўлення кантролю над выкананнем законаў і пастаноў.
У выпадку неабходнсці Вярхоўная Рада можа ствараць следчыя, рэвізійныя і іншыя часовыя камісіі.
Артыкул 44. Для арганізацыі працы Вярхоўнай Рады ствараецца Прэзідыум Вярхоўнай Рады.
У склад Прэзідыума Вярхоўнай Рады ўваходзяць: Старшыня Вярхоўнай Рады, першы намеснік і намеснікі Старшыні Вярхоўнай Рады, а таксама асобныя дэпутаты ў парадку, прадугледжаным Рэгламентам Вярхоўнай Рады.
Прэзідыум Вярхоўнай Рады ўзначальвае Старшыня Вярхоўнай Рады.
Артыкул 45. Права заканадаўчай ініцыятывы ў Вярхоўнай Радзе належыць дэпутатам Вярхоўнай Рады, Прэзідэнту, Ураду, Упаўнаважанаму па правах чалавека, Вярхоўнаму Суду, Вышэйшаму Гаспадарчаму Суду, Вышэйшаму Адміністратыўнаму Суду, Генеральнаму пракурору, Кантрольнай палаце, Нацыянальнаму банку, а таксама грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасці не меней за 30 тысяч чалавек.
Парадак унясення ў Вярхоўную Раду праектаў законаў і паправак да іх вызначаецца Рэгламентам Вярхоўнай Рады.
Артыкул 46. Паўнамоцтвы Вярхоўнай Рады захоўваюцца да адкрыцця першага паседжання Вярхоўнай Рады новага склікання.
Артыкул 47. Дэпутат Вярхоўнай Рады не нясе юрыдычнай адказнасці за сваю дзейнасць у Вярхоўнай Радзе, якая ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, як у час выканання дэпутацкіх паўнамоцтваў, так і пасля іх спынення.
Дэпутат Вярхоўнай Рады не можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, арыштаваны, іншым чынам пазбаўлены асабістай свабоды без згоды Вярхоўнай Рады, акрамя выпадкаў затрымання на месцы здзяйснення ім цяжкага або асабліва цяжкага злачынства.
Крымінальная справа супраць дэпутата Вярхоўнай Рады можа быць узбуджана Генеральным пракурорам са згоды Вярхоўнай Рады, а ў час паміж сесіямі — са згоды Прэзідыума Вярхоўнай Рады.
Артыкул 48. Парадак дзейнасці Вярхоўнай Рады Рэспублікі Беларусь, яе органаў і дэпутатаў вызначаецца Рэгламентам Вярхоўнай Рады, а таксама законамі Рэспублікі Беларусь. Рэгламент Вярхоўнай Рады прымаецца Вярхоўнай Радай і падпісваецца яе Старшынёй.
Глава 5. УРАД — САВЕТ МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Артыкул 49. Урад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь — найвышэйшы орган выканаўчай улады.
Урад праводзіць унутраную і знешнюю палітыку ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь.
Урад у сваёй дзейнасці падсправаздачны Вярхоўнай Радзе.
Урад складае свае паўнамоцтвы перад ізноў выбранай Вярхоўнай Радай.
Артыкул 50. Урад Рэспублікі Беларусь складаецца з Прэм'ер-міністра, яго намеснікаў і міністраў. У склад Урада могуць уваходзіць і кіраўнікі іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання.
Працай Урада кіруе Прэм'ер-міністр.
Прэм'ер-міністр і намеснікі Прэм'ер-міністра могуць таксама выконваць функцыі міністра.
Кандыдатура на пасаду Прэм'ер-міністра ўносіцца ў Вярхоўную Раду Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь не пазней як праз месяц з дня першага паседжання зноў выбранай Вярхоўнай Рады або з дня, калі Вярхоўная Рада адмовіла ў даверы Ураду.
Рашэнне аб зацвярджэнні Прэм'ер-міністра ў пасадзе прымаецца Вярхоўнай Радай не пазней чым у двухтыднёвы тэрмін са дня ўнясення прапановы Прэзідэнтам. Калі прадстаўленая Прэзідэнтам кандыдатура на пасаду Прэм'ер-міністра не атрымае падтрымкі большасці ад колькасці выбраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады, Прэзідэнт у сямідзённы тэрмін прадстаўляе іншую кандыдатуру. У выпадку паўторнага адхілення прапанаванай Прэзідэнтам кандыдатуры на пасаду Прэм'ер-міністра права вылучэння кандыдатуры на пасаду Прэм'ер-міністра пераходзіць да Вярхоўнай Рады.
Калі ў двухтыднёвы тэрмін са дня пераходу права на вылучэнне кандыдатуры на пасаду Прэм'ер-міністра да Вярхоўнай Рады яна не зацвердзіць у пасадзе Прэм'ер-міністра, Прэзідэнт мае права прызначыць выканаўцу абавязкаў Прэм'ер-міністра, распусціць Вярхоўную Раду і прызначыць новыя выбары.
Прэм'ер-міністр у двухтыднёвы тэрмін пасля зацвярджэння ў пасадзе прадстаўляе Парламенту прапановы па складзе Урада.
Артыкул 51. Урад альбо любы член Урада маюць права заявіць аб сваёй адстаўцы, калі лічаць немагчымым выкананне ўскладзеных на іх абавязкаў.
Прэм'ер-міністр можа паставіць перад Вярхоўнай Радай пытанне аб даверы Ураду па прадстаўленай Праграме або па пэўнай нагодзе. Калі Вярхоўная Рада ў даверы адмаўляе, Урад складае свае паўнамоцтвы. У гэтым выпадку ўнясенне прапаноў аб кандыдатуры на пасаду Прэм'ер-міністра і аб прызначэнні Урада адбываецца ў парадку, прадугледжаным часткамі чацвёртай, пятай і шостай артыкула 50 гэтага Канстытуцыйнага закона.
Дэпутаты Вярхоўнай Рады ў колькасці не менш за 60 чалавек таксама маюць права паставіць перад Вярхоўнай Радай пытанне аб даверы Ураду або члену Урада. Вынясенне вотуму недаверу Прэм'ер-міністру, у тым ліку і ў выпадку выканання ім абавязкаў міністра, азначае вынясенне вотуму недаверу Ураду.
Пры выказванні двухразовага вотуму недаверу Ураду на працягу года Прэзідэнт можа распусціць Вярхоўную Раду і прызначыць новыя выбары.
У выпадку адстаўкі альбо складання паўнамоцтваў Урад па даручэнні Прэзідэнта працягвае ажыццяўляць свае паўнамоцтвы да фарміравання новага складу Урада.
Артыкул 52. Прэм'ер-міністр:
1) прадстаўляе Урад;
2) ажыццяўляе непасрэднае кіраўніцтва дзейнасцю Урада і нясе персанальную адказнасць за яго працу;
3) падпісвае пастановы Урада;
4) інфармуе Парламент аб асноўных кірунках дзейнасці Урада і аб усіх яго найважнейшых рашэннях;
5) выконвае іншыя функцыі, звязаныя з арганізацыяй і дзейнасцю Урада.
Прэм'ер-міністр выдае ў межах сваёй кампетэнцыі распараджэнні.
Артыкул 53. Урад:
1) кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў дзяржаўнага кіравання і іншых органаў выканаўчай улады;
2) ажыццяўляе меры па рэалізацыі асноўных кірункаў унутранай і знешняй палітыкі;
3) распрацоўвае і прадстаўляе Вярхоўнай Радзе праект рэспубліканскага бюджэту і справаздачу аб яго выкананні;
4) у двухмесячны тэрмін пасля свайго прызначэння прадстаўляе Вярхоўнай Радзе Праграму дзейнасці Урада;
5) забяспечвае правядзенне адзінай эканамічнай, фінансавай, крэдытнай і грашовай палітыкі, дзяржаўнай палітыкі ў галіне навукі, культуры, адукацыі, аховы здароўя, экалогіі, сацыяльнага забеспячэння і аплаты працы;
6) прымае меры па забеспячэнні правоў і свабод грамадзян, абароне інтарэсаў дзяржавы, нацыянальнай бяспекі і абараназдольнасці, ахове ўласнасці і грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю;
7) ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва ў галіне дачыненняў з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі;
8) заключае міжнародныя дамовы і дамовы, аднесеныя да яго кампетэнцыі;
9) выступае ад імя ўласніка ў дачыненні маёмасці, якая з'яўляецца ўласнасцю Рэспублікі Беларусь, арганізуе кіраванне дзяржаўнай уласнасцю;
10) адмяняе акты міністэрстваў і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання;
11) ажыццяўляе нагляд за мясцовым самакіраваннем у межах і формах, вызначаных Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь;
12) ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй і законамі.
Урад у межах сваёй кампетэнцыі на падставе Канстытуцыі і законаў выдае пастановы, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Члены Урада не могуць займаць іншыя пасады, атрымліваць акрамя заработнай платы грашовыя ўзнагароды, за выключэннем выкладчыцкай дзейнасці, ганарараў за творы навукі, літаратуры і мастацтва.
Кампетэнцыя, парадак арганізацыі і дзейнасці, а таксама структура Урада вызначаюцца на аснове Канстытуцыі законам аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 54. Урад у мэтах забеспячэння аднолькавага выканання Канстытуцыі і іншых актаў заканадаўства, а таксама каардынацыі дзейнасці Урада і органаў мясцовага самакіравання можа мець сваіх упаўнаважаных прадстаўнікоў у адпаведных адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінках.
Упаўнаважаныя прадстаўнікі Урада не маюць права ўмешвацца ў кампетэнцыю органаў мясцовага самакіравання і ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы ў адпаведнасці з палажэннем аб іх, які зацвярджаецца Урадам па ўзгадненні з органамі мясцовага самакіравання.
Упаўнаважаныя прадстаўнікі Урада маюць права ставіць ва ўстаноўленым парадку пытанні аб адмене рашэнняў органаў мясцовага самакіравання, якія супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.
Глава 6. СУД
Артыкул 55. Судовая ўлада ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца самастойнай і незалежнай.
Прызначэннем судовай улады з’яўляецца публічны разгляд прававых спрэчак і канфліктаў, а таксама абарона правоў і свабод грамадзян, законных інтарэсаў юрыдычных асоб ад неправамерных дзеянняў і рашэнняў.
Уладкаванне судоў, іх паўнамоцтвы і парадак разгляду спраў у судах вызначаюцца законам.
Артыкул 56. Судовая ўлада ажыццяўляецца судамі агульнай юрысдыкцыі, гаспадарчымі і адміністратыўнымі судамі, створанымі ва ўстаноўленым законам парадку.
Стварэнне надзвычайных судоў не дапускаецца.
Артыкул 57. Суды агульнай юрысдыкцыі разглядаюць усе катэгорыі судовых спраў, за выключэннем тых, якія аднесены законам да падведамнасці іншых судоў.
Першасным звяном сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі з'яўляецца міравы суддзя, які абіраецца насельніцтвам адпаведнага судовага ўчастка.
Асноўным звяном судоў агульнай юрысдыкцыі з'яўляецца акруговы суд, які ўтвараецца ў межах судовай акругі.
Рашэнне аб законнасці і абгрунтаванасці судовых пастаноў, якія не ўступілі ў законную сілу, прымаецца апеляцыйным судом.
Вышэйшым судовым органам па грамадзянскіх, крымінальных і іншых справах, падсудных судам агульнай юрысдыкцыі, з'яўляецца Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь. Ён ажыццяўляе судовы нагляд за дзейнасцю ніжэйшых судоў у прадугледжаных законам працэсуальных формах і дае кіраўнічыя тлумачэнні па пытаннях судовай практыкі.
Артыкул 58. Гаспадарчыя суды разглядаюць справы па гаспадарчых спрэчках, справы, звязаныя з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай дзейнасці, а таксама іншыя справы, аднесеныя законам да іх падведамнасці.
Вышэйшым судовым органам у сістэме гаспадарчых судоў з'яўляецца Вышэйшы Гаспадарчы Суд Рэспублікі Беларусь. Ён ажыццяўляе судовы нагляд за дзейнасцю ніжэйшых судоў у прадугледжаных законам працэсуальных формах і дае кіраўнічыя тлумачэнні па пытаннях судовай практыкі.
Артыкул 59. Адміністратыўныя суды разглядаюць справы па скаргах на рашэнні (дзеянні) органаў дзяржаўнага кіравання, органаў мясцовага самакіравання, службовых асоб, якія ўшчамляюць правы і свабоды грамадзян, законныя інтарэсы іншых удзельнікаў праваадносінаў.
Вышэйшым органам у сістэме адміністратыўнай юстыцыі з'яўляецца Вышэйшы Адміністратыўны Суд Рэспублікі Беларусь. Ён ажыццяўляе судовы нагляд за дзейнасцю ніжэйшых судоў у прадугледжаных законам працэсуальных формах і дае кіраўнічыя тлумачэнні па пытаннях судовай практыкі.
Артыкул 60. Суддзямі могуць быць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 25 гадоў, маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю, стаж працы па юрыдычнай спецыяльнасці не менш за тры гады і якія паспяхова здалі кваліфікацыйны іспыт для заняцця пасады суддзі.
У дачыненні асобных катэгорый суддзяў законам могуць быць устаноўленыя дадатковыя патрабаванні.
Артыкул 61. Пры ажыццяўленні правасуддзя суддзі незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі Канстытуцыі і законам.
Непасрэдны або ўскосны ўплыў на суддзяў з боку якіх-небудзь службовых асоб або грамадзян у сувязі з судаводствам па пэўных справах прызнаецца злачынствам і цягне за сабой устаноўленую законам адказнасць.
Суддзі не могуць быць членамі палітычных партый і іншых арганізацый, якія маюць палітычныя мэты, не могуць займаць іншыя пасады, атрымліваць акрамя заработнай платы грашовыя ўзнагароды, за выключэннем выкладчыцкай дзейнасці, ганарараў за творы навукі, літаратуры і мастацтва.
Артыкул 62. Суддзі Вярхоўнага Суда, Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Вышэйшага Адміністратыўнага Суда абіраюцца Вярхоўнай Радай па прапанове органаў судзейскага самакіравання.
Суддзі ніжэйшых судоў прызначаюцца на пасаду Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па прадстаўленні органаў судзейскага самакіравання, за выключэннем міравых суддзяў. Парадак абрання міравых суддзяў і зняцця іх з пасады вызначаецца законам.
Артыкул 63. Суддзі нязменныя, за выключэннем міравых суддзяў. Зняцце суддзі з пасады, прыпыненне выканання ім абавязкаў, перавод яго ў іншую мясцовасць або на іншую пасаду насуперак яго волі могуць мець месца толькі ў выніку рашэння кампетэнтнага суда і толькі ў выпадках, устаноўленых законам.
Суддзя займае сваю пасаду без абмежавання тэрміну (акрамя міравых суддзяў) да дасягнення ім 65-гадовага ўзросту.
Міравыя суддзі абіраюцца насельніцтвам адпаведнай тэрыторыі тэрмінам на пяць гадоў.
Пры наяўнасці стажу працы на пасадзе суддзі не менш за 15 гадоў і дасягненні пенсійнага ўзросту суддзя мае права выйсці ў адстаўку. Суддзя можа быць звольнены ў адстаўку незалежна ад стажу працы і ўзросту з прычыны хваробы, якая пазбаўляе яго магчымасці выконваць абавязкі суддзі.
Артыкул 64. Суддзі недатыкальныя. Суддзя не можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці або пазбаўлены свабоды без папярэдняй згоды вызначанага законам суда.
Суддзя не можа быць затрыманы або арыштаваны па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, за выключэннем выпадку, калі ён затрыманы на месцы здзяйснення цяжкага або асабліва цяжкага злачынства. Аб затрыманні суддзі неадкладна апавяшчаецца старшыня адпаведнага суда.
Артыкул 65. Судовы разгляд ва ўсіх судах адкрыты для публікі. Слуханне спраў у закрытым паседжанні дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам.
Завочны разгляд спраў у судах першай і апеляцыйнай інстанцый не дапускаецца.
Артыкул 66. Судаводства ажыццяўляецца на аснове спаборнасці і раўнапраўя бакоў.
У выпадках, прадугледжаных законам, судовы разгляд крымінальных спраў ажыццяўляецца з удзелам прысяжных засядацеляў.
Артыкул 67. У мэтах узаемадзеяння судоў з іншымі органамі дзяржаўнай улады, забеспячэння якаснага адбору кандыдатур на пасады суддзяў, вырашэння пытанняў фінансавага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння судоў, вырашэння іншых пытанняў, звязаных з судовай дзейнасцю, у парадку, устаноўленым законам, ствараюцца органы судзейскага самакіравання.
Артыкул 68. Кампетэнцыя судоў, арганізацыя і парадак разгляду спраў у судах вызначаюцца законам.
Артыкул 69. Фінансаванне судоў ажыццяўляецца з рэспубліканскага бюджэту і павінна забяспечваць умовы працы і ўзнагароджвання суддзяў, адпаведныя высокаму статусу суда.
РАЗДЗЕЛ 3. КАНТРОЛЬНЫЯ І НАГЛЯДНЫЯ ОРГАНЫ
Глава 7. КАНСТЫТУЦЫЙНЫ ТРЫБУНАЛ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Артыкул 70. Канстытуцыйны Трыбунал ажыццяўляе кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў, якія выдаюцца органамі дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання, а таксама вырашае іншыя пытанні, аднесеныя законам да яго кампетэнцыі.
Канстытуцыйны Трыбунал разглядае справы:
1) аб адпаведнасці законаў, міжнародных дагаворных і іншых абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь;
2) аб адпаведнасці нарматыўных прававых актаў Прэзідэнта, Рады Міністраў, Вярхоўнага Суда, Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Вышэйшага Адміністратыўнага Суда, Генеральнага пракурора Канстытуцыі, законам і міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь;
3) аб канстытуцыйнасці фармулёвак пытанняў, якія выносяцца на рэспубліканскі рэферэндум;
4) аб канстытуцыйнасці рашэння Вярхоўнай Рады аб прызначэнні або аб адмове ў прызначэнні рэспубліканскага рэферэндуму;
5) аб размежаванні кампетэнцыі паміж вышэйшымі органамі дзяржаўнай улады, а таксама паміж органамі дзяржаўнай улады і органамі мясцовага самакіравання;
6) аб парушэнні Прэзідэнтам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь;
Па запытах упаўнаважаных суб'ектаў Канстытуцыйны Трыбунал дае афіцыйнае тлумачэнне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Канстытуцыйны Трыбунал у адпаведнасці з законам прымае да разгляду скаргі кожнага ў выпадку ўшчамлення яго канстытуцыйных праў і свабод у нарматыўных прававых актах, выдадзеных органамі дзяржаўнай улады.
Да кампетэнцыі Канстытуцыйнага Трыбунала могуць быць аднесены і іншыя пытанні ў выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй і законамі.
Артыкул 71. Канстытуцыйны Трыбунал складаецца з 12 суддзяў, якія абіраюцца на пасаду Вярхоўнай Радай на альтэрнатыўнай аснове.
Суддзёй Канстытуцыйнага Трыбунала можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які мае вышэйшую юрыдычную адукацыю, агульнапрызнаныя дасягненні ў сферы права і які адпрацаваў па юрыдычнай спецыяльнасці не менш за 15 гадоў.
Старшыня Канстытуцыйнага Трыбунала зацвярджаецца ў пасадзе Вярхоўнай Радай тэрмінам на пяць гадоў па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Кандыдатура Старшыні Канстытуцыйнага Трыбунала ўносіцца на падставе рэкамендацыі суддзяў Канстытуцыйнага Трыбунала.
Намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Трыбунала абіраецца суддзямі Канстытуцыйнага Трыбунала шляхам тайнага галасавання на 5 гадоў.
Тэрмін паўнамоцтваў суддзяў Канстытуцыйнага Трыбунала — 10 гадоў. Паўторнае абранне на пасаду суддзі Канстытуцыйнага Трыбунала не дапускаецца.
Суддзі Канстытуцыйнага Трыбунала не могуць быць членамі палітычных партый і іншых арганізацый, якія маюць палітычныя мэты, не могуць займаць іншыя пасады, атрымліваць акрамя заработнай платы грашовыя ўзнагароды, за выключэннем выкладчыцкай дзейнасці, ганарараў за творы навукі, літаратуры і мастацтва.
Артыкул 72. У Канстытуцыйны Трыбунал маюць права звяртацца:
1) Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь;
2) дэпутаты Вярхоўнай Рады ў колькасці не меней за 60 чалавек;
3) Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь;
4) Упаўнаважаны па правах чалавека;
5) Наглядальная рада па тэлебачанні і радыёвяшчанні;
6) органы мясцовага самакіравання ў выпадку ўшчамлення праў мясцовай супольнасці ў нарматыўных прававых актах, выдадзеных органамі дзяржаўнай улады;
7) суды ўсіх відаў і ўзроўняў па пытаннях аб адпаведнасці нарматыўных прававых актаў, якія падлягаюць выкарыстанню па пэўнай справе, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь;
8) кожны ў адпаведнасці з законам у выпадку ўшчамлення яго канстытуцыйных праў і свабод у нарматыўных прававых актах, выдадзеных органамі дзяржаўнай улады.
Артыкул 73. Нарматыўныя прававыя акты органаў дзяржаўнай улады, прызнаныя Канстытуцыйным Трыбуналам не адпаведнымі Канстытуцыі, страчваюць юрыдычную сілу з дня, вызначанага ў рашэнні Канстытуцыйнага Трыбунала.
Невыкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Трыбунала цягне за сабой адказнасць па законе.
Артыкул 74. Пытанні, аднесеныя да кампетэнцыі Канстытуцыйнага Трыбунала, разглядаюцца ў адкрытых паседжаннях.
Рашэнні Канстытуцыйнага Трыбунала абвяшчаюцца публічна, з'яўляюцца канчатковымі і абскарджанню не падлягаюць.
Глава 8. УПАЎНАВАЖАНЫ ПА ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА
Артыкул 75. Упаўнаважаны па правах чалавека дзейнічае ў мэтах абароны праў і свабод асобы, прадугледжаных Канстытуцыяй і заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 76. Упаўнаважаным па правах чалавека можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь не маладзейшы за 40 гадоў, які мае веды ў галіне праў чалавека, досвед праваабарончай дзейнасці і які валодае высокімі маральнымі якасцямі.
Упаўнаважаны па правах чалавека абіраецца Вярхоўнай Радай на альтэрнатыўнай аснове тэрмінам на пяць гадоў. Адна і тая ж асоба не можа быць абрана на пасаду Упаўнаважанага па правах чалавека больш чым на два тэрміны.
Кандыдатуру на пасаду Упаўнаважанага па правах чалавека могуць прапаноўваць дэпутаты Вярхоўнай Рады ў колькасці не меней за 40 чалавек.
На час сваіх паўнамоцтваў Упаўнаважаны па правах чалавека прыпыняе сваё членства ў палітычных партыях і іншых грамадскіх аб'яднаннях, якія маюць палітычныя мэты.
Упаўнаважаны па правах чалавека не можа: з'яўляцца дэпутатам Вярхоўнай Рады; членам палітычных партый і іншых арганізацый, якія маюць палітычныя мэты; займаць іншыя пасады; атрымліваць акрамя заработнай платы грашовыя ўзнагароды, за выключэннем выкладчыцкай дзейнасці, ганарараў за творы навукі, літаратуры і мастацтва.
Артыкул 77. Упаўнаважаны па правах чалавека мае права:
1) запытваць і атрымліваць ад дзяржаўных органаў, органаў мясцовага самакіравання, службовых асоб звесткі, дакументы і матэрыялы, неабходныя для разгляду скаргі, якая паступіла да яго;
2) атрымліваць тлумачэнні ад службовых асоб у час разглядаў скарг;
3) наведваць самастойна або сумесна з прадстаўнікамі кампетэнтных дзяржаўных органаў дзяржаўныя органы, воінскія часці, месцы папярэдняга зняволення і адбывання крымінальных пакаранняў і іншыя арганізацыі;
4) выносіць заключэнні па сутнасці скаргі і прапаноўваць дзяржаўным органам, органам мясцовага самакіравання, службовым асобам аднавіць парушаныя правы;
5) звяртацца ў суд і іншыя дзяржаўныя органы з заявай у абарону праў і свабод, парушаных рашэннем або дзеяннем (бяздзейнасцю) дзяржаўнага органа, органа мясцовага самакіравання, службовай асобы, а таксама асабіста або праз свайго прадстаўніка ўдзельнічаць у судовым працэсе;
6) звяртацца ў Канстытуцыйны Трыбунал з прапановай аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў;
7) у выпадку масавых або грубых парушэнняў праў чалавека звяртацца ў Вярхоўную Раду з прапановай аб правядзенні парламенцкіх слуханняў або аб стварэнні парламенцкай камісіі па расследаванні фактаў парушэння праў і свабод грамадзян.
Па заканчэнні каляндарнага года Упаўнаважаны па правах чалавека на падставе разгледжаных матэрыялаў рыхтуе даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, які заслухоўваецца на чарговай сесіі Вярхоўнай Рады. Па выніках абмеркавання дакладу Вярхоўная Рада прымае пастанову.
Упаўнаважаны па правах чалавека можа мець іншыя паўнамоцтвы, прадстаўленыя яму законам.
Артыкул 78. Для забеспячэння дзейнасці Упаўнаважанага па правах чалавека ствараецца Сакратарыят. Структура, штаты і каштарыс выдаткаў Сакратарыята зацвярджаюцца Вярхоўнай Радай.
Упаўнаважаны па правах чалавека і яго Сакратарыят з'яўляюцца дзяржаўным органам з правам юрыдычнай асобы.
Артыкул 79. Упаўнаважаны па правах чалавека валодае недатыкальнасцю на працягу ўсяго тэрміну яго паўнамоцтваў. Ён не можа быць без згоды Вярхоўнай Рады прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, затрыманы або арыштаваны па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, за выключэннем выпадкаў затрымання на месцы здзяйснення цяжкага або асабліва цяжкага злачынства.
Умяшальніцтва ў дзейнасць Упаўнаважанага па правах чалавека з мэтай паўплываць на яго рашэнне, а таксама перашкаджанне дзейнасці Упаўнаважанага па правах чалавека ў іншай форме цягнуць за сабой адказнасць па законе.
Гарантыі незалежнасці Упаўнаважанага па правах чалавека і забеспячэння яго дзейнасці ўстанаўліваюцца на ўзроўні, прадугледжаным для дэпутатаў Вярхоўнай Рады.
Глава 9. КАНТРОЛЬНАЯ ПАЛАТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Артыкул 80. Кантрольная палата Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе кантроль за выкананнем рэспубліканскага бюджэту, скарыстоўваннем дзяржаўнай уласнасці.
Кантрольная палата ствараецца на першай сесіі зноў абранай Вярхоўнай Рады ў складзе Старшыні і васьмі ўдзельнікаў на тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады.
Члены Кантрольнай палаты працуюць на прафесійнай аснове і па сваім службовым статусе прыраўноўваюцца да дэпутатаў Вярхоўнай Рады.
Артыкул 81. У межах сваіх паўнамоцтваў Кантрольная палата ажыццяўляе кантроль за дзейнасцю Урада і іншых органаў дзяржаўнага кіравання, Нацыянальнага банка, іншых дзяржаўных арганізацый.
Па даручэнні Вярхоўнай Рады Кантрольная палата прадстаўляе аналіз выканання рэспубліканскага бюджэту, дае заключэнне аб праекце рэспубліканскага бюджэту на наступны фінансавы год, прадстаўляе інфармацыю аб выніках кантролю дзейнасці Урада, іншых органаў дзяржаўнага кіравання, Нацыянальнага банка, іншых дзяржаўных арганізацый.
Паўнамоцтвы, структура, парадак арганізацыі і дзейнасці Кантрольнай палаты вызначаюцца законам.
Глава 10. ПРАКУРАТУРА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Артыкул 82. Пракуратура Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе нагляд за выкананнем законаў у дзейнасці органаў дазнання і папярэдняга следства, у месцах папярэдняга зняволення і месцах пазбаўлення волі, прымае меры да прыцягнення вінаватых у здзяйсненні злачынстваў да крымінальнай адказнасці, падтрымлівае абвінавачанне ў судах па крымінальных справах, у прадугледжаных законам выпадках прымае меры да абароны правоў і свабод грамадзян, законных інтарэсаў юрыдычных асоб у судах.
У выпадках, прадугледжаных законам, Пракуратура ажыццяўляе расследаванне злачынстваў.
Пракуратура складае адзіную цэнтралізаваную сістэму з падпарадкаваннем ніжэйшых пракурораў вышэйшым і Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь.
Генеральны пракурор абіраецца Вярхоўнай Радай тэрмінам на пяць гадоў. Кандыдатуру на пасаду Генеральнага пракурора прадстаўляе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 83. Генеральны пракурор і ніжэйшыя пракуроры незалежныя ў ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў і кіруюцца толькі законам. У сваёй дзейнасці Генеральны пракурор падсправаздачны Вярхоўнай Радзе.
Паўнамоцтвы, арганізацыя і парадак дзейнасці Пракуратуры вызначаюцца законам.
Глава 11. НАГЛЯДАЛЬНАЯ РАДА ПА ТЭЛЕБАЧАННІ І РАДЫЁВЯШЧАННІ
Артыкул 84. Наглядальная рада па тэлебачанні і радыёвяшчанні Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства ў дзейнасці вяшчальных арганізацый.
Артыкул 85. Наглядальная рада па тэлебачанні і радыёвяшчанні абіраецца Вярхоўнай Радай у складзе 9 удзельнікаў на альтэрнатыўнай аснове.
Артыкул 86. Наглядальная рада па тэлебачанні і радыёвяшчанні ажыццяўляе кантроль за законнасцю выдачы ліцэнзій вяшчальным арганізацыям і за выкананнем імі ўмоў ажыццяўлення ліцэнзійнай дзейнасці, ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, прадугледжаныя законам.
Паўнамоцтвы, арганізацыя і парадак дзейнасці Наглядальнай рады па тэлебачанні і радыёвяшчанні вызначаюцца законам.
РАЗДЗЕЛ IV. МЯСЦОВАЕ САМАКІРАВАННЕ
Артыкул 87. Мясцовае самакіраванне ажыццяўляецца супольнасцямі грамадзян адпаведных тэрыторый непасрэдна або праз абраныя імі органы.
Мясцовае самакіраванне дзейнічае зыходзячы з інтарэсаў тэрытарыяльных супольнасцяў грамадзян, асаблівасцяў іх тэрытарыяльных адзінак у адпаведнасці з законам на аснове ўласнай матэрыяльна-фінансавай базы і прыцягнутых сродкаў.
Мясцовае самакіраванне ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойнае, падсправаздачнае і падкантрольнае грамадзянам адпаведных тэрыторый.
Мясцовае самакіраванне не ўваходзіць у сістэму органаў дзяржаўнай улады.
Артыкул 88. Сістэма мясцовага самакіравання ўключае ў сябе мясцовыя прадстаўнічыя органы (рады), іх выканаўчыя органы і іншыя органы мясцовага самакіравання.
Мясцовае самакіраванне таксама можа ажыццяўляцца шляхам правядзення мясцовых рэферэндумаў, сходаў грамадзян, праз заканадаўчую ініцыятыву і іншыя формы непасрэднага ўдзелу грамадзян у дзяржаўных і грамадскіх справах.
Артыкул 89. Тэрыторыя дзейнасці органаў мясцовага самакіравання вызначаецца законам.
Змяненне межаў тэрыторый, у якіх ажыццяўляецца мясцовае самакіраванне, дапускаецца з улікам меркавання насельніцтва адпаведных тэрыторый, выяўленага ва ўстаноўленых законам формах.
Артыкул 90. Выбары прадстаўнічых органаў мясцовага самакіравання праводзяцца ў парадку, вызначаным законам, у адпаведнасці з прынцыпамі прапарцыйна-мажарытарнага або мажарытарнага прадстаўніцтва ў залежнасці ад колькасці грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі мясцовага самакіравання.
У прадстаўнічы орган мясцовага самакіравання можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які валодае выбарчым правам і дасягнуў 18 гадоў.
Прадстаўнічыя органы мясцовага самакіравання абіраюцца грамадзянамі, якія пражываюць на тэрыторыі дзейнасці мясцовага самакіравання, тэрмінам на чатыры гады.
Артыкул 91. Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы фарміруюцца на сесіях рад у адпаведнасці з законам.
Кіраўнік мясцовага выканаўчага і распарадчага органа можа абірацца на сесіі адпаведнай рады шляхам тайнага галасавання або шляхам прамых выбараў насельніцтвам мясцовага самакіравання.
Структура органаў мясцовага самакіравання вызначаецца прадстаўнічым органам мясцовага самакіравання.
Артыкул 92. Прадстаўнічы орган мясцовага самакіравання:
кіруе справамі мясцовага самакіравання;
ажыццяўляе правы ўласніка ў дачыненні камунальнай уласнасці, распараджаецца даходамі мясцовага самакіравання;
устанаўлівае мясцовыя падаткі і зборы ў адпаведнасці з законам;
засноўвае сімвалы мясцовага самакіравання;
звяртаецца ў кампетэнтныя органы па пытаннях, якія закранаюць інтарэсы мясцовага насельніцтва;
супрацоўнічае з іншымі органамі мясцовага самакіравання, стварае з імі сумесныя арганізацыі, а таксама саюзы (асацыяцыі) органаў мясцовага самакіравання, якія прадстаўляюць іх інтарэсы;
узаемадзейнічае ў межах сваёй кампетэнцыі з органамі мясцовага самакіравання іншых краін і можа з’яўляцца членам міжнародных арганізацый самакіравання.
Рашэнне прадстаўнічага органа мясцовага самакіравання можа быць адменена або зменена толькі рашэннем суда ў выпадку яго супярэчнасці закону.
Дэпутаты рады не нясуць адказнасці за выяўленыя меркаванні і галасаванне пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў.
Артыкул 93. Мясцовае самакіраванне мае права на ўласныя даходы, неабходныя для выканання задач, вызначаных законам, а таксама на атрыманне дзяржаўных датацый і субсідый, адпаведных гэтым задачам.
Органы мясцовага самакіравання могуць надзяляцца законам асобнымі дзяржаўнымі паўнамоцтвамі з перадачай неабходных для іх ажыццяўлення матэрыяльных і фінансавых сродкаў.
Мясцоваму самакіраванню кампенсуюцца дадатковыя выдаткі, узніклыя ў выніку рашэнняў, прынятых органамі дзяржаўнай улады.
Артыкул 94. Матэрыяльна-фінансавую базу мясцовага самакіравання складаюць камунальная ўласнасць, мясцовы бюджэт, а таксама агульныя субсідыі і датацыі з дзяржаўнага бюджэту.
Канфіскацыя сродкаў мясцовага бюджэту для дзяржаўных патрэб не дапускаецца.
Артыкул 95. Прадстаўнічыя органы мясцовага самакіравання, а таксама іх выканаўчыя і распарадчыя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў прымаюць рашэнні, якія маюць абавязковую сілу на адпаведнай тэрыторыі.
Рашэнні названых органаў, а таксама іх службовых асоб могуць быць абскарджаныя ў судзе.
Артыкул 96. Спрэчкі аб кампетэнцыі паміж органамі мясцовага самакіравання і іншымі арганізацыямі, а таксама звязаныя з адпаведнасцю актаў органаў мясцовага самакіравання закону вырашаюць адміністратыўныя суды.
Артыкул 97. Вярхоўная Рада па прапанове Урада можа распусціць прадстаўнічы орган мясцовага самакіравання, калі ён, паводле рашэння Канстытуцыйнага Трыбунала, груба або неаднаразова парушаў Канстытуцыю або законы.
Артыкул 98. Іншыя пытанні кампетэнцыі, парадку фарміравання, дзейнасці і адказнасці органаў мясцовага самакіравання ўстанаўліваюцца законам.
РАЗДЗЕЛ V. ЗАКЛЮЧНЫЯ І ПЕРАХОДНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
Артыкул 99. Малая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь з'яўляецца законам прамога дзеяння і валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай на тэрмін да прыняцця новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Палажэнні дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь застаюцца ў сіле ў частках, якія не супярэчаць Малой Канстытуцыі.
З моманту ўваходжання Малой Канстытуцыі ў сілу смяротная кара не ўжываецца.
Іншыя нарматыўныя прававыя акты Рэспублікі Беларусь дзейнічаюць у частках, якія не супярэчаць Малой Канстытуцыі.
Пытанні аб канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў вырашаюцца Канстытуцыйным Трыбуналам ва ўстаноўленым парадку.
Артыкул 100. Органы дзяржаўнай улады і кіравання да іх фарміравання ў адпаведнасці з Малой Канстытуцыяй дзейнічаюць на падставе заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якое не супярэчыць Малой Канстытуцыі.
