Анонс акцыяў
5 ноября в 13.00 в офисе ОГП пройдет заседание Президиума ОДС
19:27, 31 кастрычніка
3 ноября в 11.00 в офисе ОГП состоится заседание Нацкома ОДС
19:32, 31 кастрычніка
2 ноября, 12.00, Московское кладбище, "Дзяды"
19:34, 31 кастрычніка
нашая праграма
1. СЯМ’Я Й ЗДАРОЎЕ
Беларусь перажывае небясьпечны крызыс сям’і. Нараджальнасьць зьніжаецца, расьце колькасьць няпоўных сем’яў і дзяцей, кінутых бацькамі. Усё гэта нэгатыўна адбіваецца на здароўі нацыі. За апошнія дванаццаць гадоў насельніцтва скарацілася на 460 тысячаў чалавек. Колькасьць здаровых дзяцей за 20 гадоў скарацілася з 60% да 30%, а доля дзяцей, якія маюць хранічную паталёгію, павялічылася зь 10% да 22%.
Нашыя дзеяньні:
– адрасная дапамога сем’ям: пры нараджэньні дзіцяці сям’і выплачваецца 5 мільёнаў рублёў. Пры нараджэньні другога дзіцяці прадастаўляецца беспрацэнтны крэдыт на 25 гадоў на набыцьцё жыльля;
– штомесячная даплата на кожнае дзіця да 16 гадоў у памеры 10% спажывецкага бюджэту;
– дзяржаўная падтрымка будаўніцтва жыльля сем’ям, якія ня могуць яго набыць самі;
– падтрымка праектаў аздараўленьня й лячэньня людзей, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы;
– прадухіленьне распаўсюджваньня алькагалізму й наркаманіі, падтрымка дзіцячага й масавага спорту;
– адмена падаткаабкладаньня даходаў у межах мінімальнага заробку, недапушчэньне росту камунальных плацяжоў без адпаведнага росту даходаў;
– захаваньне даступнай бясплатнай медыцыны, разьвіццё страхавой, прыватнай і грамадзкай формаў мэдыцынскай дапамогі. Стварэньне інстытуту сямейных урачоў.
2. ПАВАГА ДА ПРАЦЫ Й ГОДНЫ ЗАРОБАК
Зарплаты ў Беларусі не пасьпяваюць за ростам цэнаў. Расьце скрытае беспрацоўе. Працоўныя пастаўленыя ў бяспраўнае становішча кантрактнай сыстэмай. Умовы для бізнэсу не дазваляюць нармальна працаваць. Зьняцьце бюракратычных бар’ераў прывядзе да росту эканомікі на 2,5-3% ад ВУП і стварэньня 500 000 новых рабочых месцаў. З-за неспрыяльнага дзелавога клімату наша краіна траціць штогод больш за 1 млрд. эўра. Гэта амаль 20000 бясплатных кватэраў мнагадзетным сем’ям.
Мы забясьпечым:
– вяртаньне да сыстэмы бестэрміновага найму;
– гарантыі першага рабочага месца для моладзі;
– павялічэньне сярэдняга заробку да 550 эўра за кошт новых рынкаў, інвэстыцыяў і росту прадукцыйнасьці працы;
– устанаўленьне мінімальнага заробку й мінімальнай пэнсіі на ўзроўні пражытачнага мінімуму, сярэдняй пэнсіі – 50-60% ад сярэдняга заробку, аплату працоўным пэнсіянэрам пэнсіі ў поўным аб’ёме;
– выкарыстаньне сродкаў ад прыватызацыі для кампэнсацыі ўкладаў, накіраваньне сродкаў у спэцыяльны інвэстыцыйна-страхавы фонд (дадатковую крыніцу для пэнсіяў, жыльлёвага будаўніцтва й інш.);
– стварэньне ўмоваў для разьвіцьця прадпрымальніцтва, увядзеньне абмежаваньняў на памеры штрафаў;
– адмену ліцэнзаваньня ў большасьці сэктарах эканомікі.
3. СПРАВЯДЛІВЫ ЗАКОН, АДКАЗНАЯ ДЗЯРЖАВА
Апошнія дванаццаць гадоў у краіне падаўляецца ініцыятыва. Улада заўсёды трактуе закон на сваю карысьць. Мы ўваходзім у лік краінаў з самай вялікай колькасьцю чыноўнікаў на душу насельніцтва й у 45 самых несвабодных краінаў сьвету па ўзроўні грамадзянскіх свабодаў.
Беларусі тэрмінова патрабуецца карэннае пераўтварэньне палітычнай сыстэмы на аснове справаздачнасьці ўлады перад народам і яе абмежаваньня законам.
Нашая праграма прадугледжвае:
– ліквідацыю абмежаваньняў грамадзянскіх свабодаў, дзейнасьці прафсаюзаў, грамадзкіх арганізацыяў, ідэялягічнага кантролю над людзьмі;
– адмену прапіскі;
– аднаўленьне прынцыпу разьдзяленьня ўладаў, кантрольных функцыяў прадстаўнічых органаў улады;
– аднаўленьне незалежнасьці суда, абмежаваньне памераў дзяржпошлінаў пры зьвяртаньні ў суд;
– забесьпячэньне свабоды СМІ;
– шырокія паўнамоцтвы й справаздачнасьць парлямэнту Кабінэта Міністраў, скарачэньне паўнамоцтваў Прэзыдэнта;
– пашырэньне паўнамоцтваў органаў мясцовага самакіраваньня, выбарнасьць мясцовых кіраўнікоў народам.
4. ЭКАНАМІЧНАЯ СВАБОДА
Беларусь уваходзіць у дзесятку самых эканамічна несвабодных краінаў сьвету. Займацца вытворчасьцю, інвэставаць ці гандляваць, не парушаючы заканадаўства, немагчыма. Кожны кіраўнік прадпрыемства ці бухгалтар можа ў любы момант апынуцца ў турме.
Улады фармальна заблякавалі прыватызацыю, але самі даўно прыбралі да сваіх рук самыя выгадныя пазыцыі на рынку.
Эканамічная свабода гарантуе ўстойлівы рост даходаў чалавека, мір і бясьпеку.
Мы зробім наступнае:
– далейшую мадэрнізацыю й разьвіццё эфэктыўных прадпрыемстваў;
– разьвіццё малога й сярэдняга бізнэсу, забесьпячэньне такім чынам 50% ВУП, стварэньне ў кожным раённым цэнтры як мінімум 1000 новых рабочых месцаў.
– заахвочваньне канкурэнцыі й ліквідацыя манаполій, што будзе садзейнічаць зьніжэньню цэн;
– забесьпячэньне эфэктыўнай падтрымкі сяла, фэрмэрства, буйной вытворчасьці, у тым ліку шляхам крэдытаваньня;
– зьніжэньне інфляцыі да 3% у год пры стабільным валютным курсе;
– спрашчэньне падаткавай сыстэмы, зьніжэньне колькасьці падаткаў з 40 да 10, а падаткавай нагрузкі – да 25-30 % ВУП, што палепшыць дзелавы клімат і сукупныя паступленьні ў бюджэт.
5. АДКРЫТАЯ ДЗЯРЖАВА – АДКРЫТЫ СЬВЕТ
Цяперашнія ўлады супрацьпастаўляюць нашу краіну ўсяму свету. “Жалезная заслона” устаноўлена для захаваньня ўлады аднаго чалавека.
Палітыка самаізаляцыі прыносіць велізарныя матэрыяльныя страты нашай эканоміцы. Яна пазбаўляе нашу краіну зьнешніх рынкаў і інвэстыцыяў, безь якіх немагчыма мадэрнізаваць вытворчасьць.
Адкрыцьцё Беларусі зьнешняму сьвету – найважнейшы фактар пабудовы багатай і квітнеючай дзяржавы.
Мы гарантуем:
– захаваньне канстытуцыйнага статусу Беларусі як незалежнай, нэўтральнай, бязьядзернай дзяржавы;
– захаваньне й разьвіцьцё надзейнага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Расеяй, Украінай і іншымі краінамі СНД, стварэньне паўнавартаснай зоны свабоднага гандлю;
– уступленьне ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю і Эўрапейскую зону свабоднага гандлю, заключэньне з Эўрапейскім Зьвязам дамовы аб партнёрстве й удзел у праграме “Новыя суседзі”;
– пашырэньне супрацоўніцтва з АБСЭ і іншымі міжнароднымі інстытутамі, уступленьне ў Раду Эўропы;
– адмену антыканстытуцыйнага «дазваляльнага штампу» і мясцовых збораў пры выезьдзе за мяжу;
– захаваньне бязьвізавага рэжыму з краінамі СНД. Спрашчэньне працэдуры атрыманьня візаў з краінамі ЭЗ і іншымі.
6. НАВУКА. ПРАГРЭС
Цяперашняя ўлада Беларусі баіцца любых пераменаў, у тым ліку і ў навуковай сфэры. Доля высокатэхналягічных тавараў у агульным аб’ёме вытворчасьці Беларусі не дацягвае да 5%. У Казахстане гэты паказчык складае 9%, у Расіі – 19%, у Малайзіі – 58%. На навуку цяперашняя ўлада выдзяляе ўсяго 100–120 млн. эўра. Пагрозьлівых памераў дасягнула «уцечка мазгоў». У такіх умовах чалавечы патэнцыял нашай краіны ня мае магчымасьці паўнацэнна разьвівацца.
Нашая праграма забясьпечыць:
– павелічэньне аб’ёму інвэстыцыяў у беларускую навуку за пяць гадоў да 850 млн. эўра, у тым ліку падтрымку прыватных інвэстыцыяў;
– спыненьне ўмяшаньня дылетантаў у навуку й адукацыю;
– спыненьне штогодных экспэрымэнтаў зь сярэдняй адукацыяй і правіламі паступленьня ў ВНУ, скасаваньне прымусовага разьмеркаваньня;
– забясьпячэньне доступу ў Інтэрнэт па хуткасных каналах для ўсіх школ і ВНУ краіны;
– вяртаньне да сыстэмы бясплатнай вышэйшай адукацыі пры разьвіцьці прыватнай вышэйшай школы, дэідэялягізацыю адукацыі й навукі;
– стварэньне сыстэмы абароны інтэлектуальнай уласнасьці.
7. НАЦЫЯНАЛЬНАЕ АДРАДЖЭНЬНЕ
Будаўніцтва паўнавартаснай сучаснай дзяржавы магчыма толькі тады, калі яе грамадзяне дакладна ўсьведамляюць сваё адзінства як нацыі. Цяперашняя ўлада робіць усё, каб жыхары Беларусі згубілі гэта адчуваньне. Замест традыцыйных каштоўнасьцяў яны навязваюць «злодзейскую рамантыку», нізкапробную поп-культуру, цынізм і пагарду да бліжняга. Яны выціскаюць з ужытку беларускую мову – галоўны сродак самаідэнтыфікацыі нашага народу. Гэта пазбаўляе беларусаў павагі з боку іншых народаў і навешвае на нас ярлык непаўнавартаснасьці.
Вырашыць гэту праблему зможа толькі мэтанакіраваная дзейнасьць дзяржавы па адраджэньні нацыянальнай самасьвядомасьці на падставе гістарычных і культурных традыцыяў.
Наша праграма прадугледжвае:
– захаваньне беларускай культурнай ідэнтычнасьці й вяртаньне беларускай мове годнага месца ў жыцьці грамадзтва;
– роўную павагу да ўсіх нацыянальнасьцяў, ліквідацыю перашкодаў для разьвіцьця нацыянальных культураў;
– роўныя ўмовы для дзейнасьці ўсіх рэлігійных канфесіяў;
– забесьпячэньне сярэдняга ўзроўню заробку работнікаў культуры не ніжэй сярэдняга па прамысловасьці;
– дзяржаўную падтрымку прыватных інвэстыцыяў у культурныя праекты;
– адмову ад практыкі фінансаваньня культуры па рэшткавым прынцыпе;
– мэтанакіраваную падрыхтоўку эліты краіны, у тым ліку ў вядучых унівэрсытэтах сьвету.
Разам мы створым нашую будучыню. Яна будзе лепшай, чым многія могуць сабе ўявіць. Яна рэальнейшая, чым сьцьвярджаюць пэсымісты. Яна больш справядлівая й маральная, чым намэнклятурнае сёньня.
Мы прапануем аб’яднаць нашыя сілы й дзейнічаць разам дзеля нашай агульнай перамогі.
